прычыкільга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Чыкільгаючы, прыйсці куды‑н.; прыкульгаць. Урэшце прычыкільгаў на мыліцах крамнік. Масарэнка. Выдра прычыкільгала да рэчкі, стралою ўвайшла ў крынічную ваду. Караткевіч.
прычыкіля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
Разм. Тое, што і прычыкільгаць. Прычыкіляўшы (дзеепрысл.) на адной назе ад тапчана, дзе ён ляжаў, да стала, «майстар на ўсё» ўзяў на покуце стары сшытак, пяро, чарніліцу. Брыль.
прычы́м, злучнік далучальны.
Пры гэтым, да таго ж. Немцы чамусьці не спыніліся ў мястэчку, а на поўнай хуткасці паляцелі далей, прычым падаліся не зручнай лесавой дарогай, а палявымі прасёлкавымі дарогамі. Лынькоў. Другія суткі ўжо бушуе завіруха. Прычым снегу і без таго многа. Шынклер.
прычы́на, ‑ы, ж.
1. З’ява, акалічнасць, якая служыць падставай чаго‑н., выклікае або абумоўлівае другую з’яву. Прычына хваробы. Прычына звальнення з работы. □ Ці наверадзіў яе, .. ці якая другая прычына, але нага забалела так, што Цімошку прыйшлося застацца дома і легчы ў пасцельку. Колас.
2. Падстава, зачэпка для якіх‑н. дзеянняў, учынкаў. [Сімон] любіў смяяцца, і для гэтага яму не трэба было шукаць асаблівай прычыны. Самуйлёнак. Сымоніха з Лявоніхай маюць вялікі спрыт прыдумваць на кожны раз новыя прычыны, за што цалавацца і за што біцца. Бядуля.
•••
Без дай прычыны гл. даць.
З прычыны чаго — у выніку чаго‑н., з-за чаго‑н.
прычында́лле, ‑я, н., зб.
Разм. Прычындалы. [Карней] схадзіў да свайго брата, узяў у яго ўсё паляўнічае прычындалле, сам сабраўся і Ключавому дапамог. М. Ткачоў.
прычында́лы, ‑аў; адз. няма.
Разм. Жартаўлівая назва розных прылад, рэчаў аднаго якога‑н. прызначэння. Вінцук выкурыў люльку, выбіў попел, прачысціў дроцікам цыбук і схаваў свае курэцкія прычындалы ў кішэню. Чарнышэвіч. Надзейка адбірала ў .. [бацькі] скавараду і ўсе іншыя прычындалы .. і пачынала сама гаспадарыць. Лынькоў.
прычыне́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прычыняць 1 — прычыніць 1 і прычыняцца 1 — прычыніцца 1.
прычы́нены 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прычыніць 1.
прычы́нены 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прычыніць 2.
прычыні́цца 1, ‑чынюся, ‑чынішся, ‑чыніцца; зак.
1. да чаго. Паслужыць, стаць прычынай чаго‑н.; пасадзейнічаць чаму‑н. Думка.. [Рыгора] гэтакая, што гэта Мікалай прычыніўся да развалу яго сям’і. Чорны. Самаадданая праца Сапунова шмат у чым прычынілася да развіцця на Віцебшчыне ў першыя ж гады пасля рэвалюцыі шырокай сеткі краязнаўства, радзімазнаўства, светазнаўства. Ліс.
2. да чаго. Стаць саўдзельнікам якой‑н. справы, прыняць удзел у чым‑н. Сярод людзей, якія паклалі тытанічную працу над выяўленнем мастацкіх здабыткаў беларускага народа і тым самым прычыніліся да паўнейшага раскрыцця духоўнага вобліку беларуса перад усім светам, адно з пачэсных месц належыць Міхалу Федароўскаму. Саламевіч. У галіне музычнай культуры да збліжэння польскага і рускага народаў у значнай меры прычыніліся Глінка, Даргамыжскі, Сяроў і Кюі — з рускага боку, з польскага — у першую чаргу трэба назваць Станіслава Манюшку. Шырма. // Далучыцца да чаго‑н., пачаць прымаць удзел у чым‑н. Лагодна пасмейваючыся, да размовы прычыніўся Канстанцін Міхайлавіч: — Куды нам, Янка, цягацца з імі. Лужанін.
3. Здарыцца, адбыцца. Прычынілася бяда.
прычыні́цца 2, ‑чыніцца; зак.
Зачыніцца няпоўнасцю, няшчыльна. Алесь прыўзняўся, заўважыў, што фортачка прычынілася, піхнуў яе на двор, і на яго расхрыстаныя грудзі ціха дыхнула прахалодай. Брыль.
прычыні́ць 1, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.
Паслужыць прычынай чаго‑н.; нанесці, выклікаць (што‑н. непрыемнае). Прычыніць шкоду. Прычыніць зло. □ У адным месцы ў час пад’ёму лодка адарвалася, паехала па схілу, і паранены Волкаў вываліўся з яе. Гэта прычыніла яму вялікі боль. Шамякін. [Лабановіч] яшчэ не забыў тую крыўду, якую прычыніла яму панна Ядвіся, калі выказвала свой жаль з прычыны разлукі з Негрусем. Колас.
прычыні́ць 2, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.
Зачыніць, звычайна няпоўнасцю або няшчыльна. Прычыніць акно. □ Маці прычыніла дзверы і нават у шчыліну не сочыць. Гарбук. Падпечча ляснік прычыніў засланкай, каб не выпаўз [вуж] Антоша. Паўлаў.