свінцава́цца, ‑цуецца; незак.
Зал. да свінцаваць.
свінцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак., што.
Спец. Апрацоўваць свінцом, пакрываць тонкім слоем свінцу.
свінцо́вісты, ‑ая, ‑ае.
Які ўтрымлівае невялікую колькасць свінцу (пра сплавы). Свінцовістая бронза.
свінцо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да свінцу (у 1 знач.); зроблены са свінцу. Свінцовы злітак. Свінцовая куля. // Звязаны з уздзеяннем свінцу. Свінцовая інтаксікацыя. // Які ўтрымлівае свінец або свінцовае злучэнне. Свінцовыя бялілы. Свінцовыя руды. Свінцовая вада. // Звязаны з перапрацоўкай і здабычай свінцу. Свінцовыя распрацоўкі. Свінцовы руднік.
2. Цёмна-шэры, колеру свінцу. Свінцовыя хмары. □ Хмурны дзень, свінцовае неба ўзмацнялі ўражанне кволасці раслін. Мяжэвіч.
3. перан. Цяжкі; пануры, гнятучы. Тышкевіч напружваў памяць. У свінцовай галаве ніводнага пробліску. Асіпенка. Я свінцовыя вейкі свае расчыніў, Свет хіснуўся — такі нетрывалы і дзіўны. Панчанка. [Маці] гнялі цяжкія свінцовыя думкі. Дзе сыны? Дзе яе мілыя, любыя хлопчыкі? Ставер. Маўчанне было свінцовае, і ў гэтым маўчанні прагучаў голас: — Рацыя! Караткевіч.
4. перан. Які мае адносіны да свінцу (у 2 знач.). А зверху, з узгоркаў, не пераставаў сыпацца свінцовы град. М. Ткачоў. Назар Пашкевіч і Барыс Падгорны трымаліся каля Нічыпара Дубініна, які з кулямёта паліваў фашыстаў свінцовым дажджом. Гурскі.
•••
Свінцовы блішчак гл. блішчак.
свінча́к, ‑у, м.
Руда, якая ўтрымлівае свінец з серай у суцэльнай масе.
свінча́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Злітак свінцу, які выкарыстоўваецца ў бітах, або як зброя ў кулачнай бойцы. Ён [Рагуля] адным ударам выбіў пісталет з рукі, а другім захаванай у руцэ свінчаткай моцна выцяў Галембу ў скронь. Асіпенка.
2. Свінцовае грузіла на рыбалоўнай сетцы.
3. Нагайка з уплеценым куском свінцу на канцы.
свінчо́, ‑чаці, ДМ ‑чаці, Т ‑чом, н.
Разм.
1. Падсвінак. [Соль] бераглі толькі для важных патрэб: саліць агуркі, капусту або сала, калі ўдавалася выгадаваць якое свінчо. Якімовіч. З жыўнасці ў двары — адна карова, ні свінчаці, ні кураняці няма. Навуменка.
2. перан. Памянш. да свіння (у 2, 3 знач.). [Маці:] — Малады яшчэ, а свінчо такое... Пташнікаў. Я добра разумею, што я няўдзячнае свінчо, што мне трэба змоўчаць. Васілевіч.
свіны́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да свінні (у 1 знач.). Свіное сала. Свіны статак. // Прызначаны для свіней. Свіная ферма. Свіная бульба. // Прыгатаваны, зроблены з мяса ці скуры свінні. Свіная тушонка. Свіныя катлеты. // Такі, як у свінні; маленькі, заплыўшы (пра вочы). З-пад калматых броваў пазіралі маленькія свіныя вочкі. Карпюк.
•••
Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы гл. сабрацца.
свіня́чы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які мае адносіны да свінні, належыць свінні. Свінячы лыч. // Уласцівы свінні, свінням. [Злобіч:] — Трэба не нервы мець, а вяроўкі, каб трываць гэты свінячы піск. М. Ткачоў. // Прызначаны для свіней. Але япручкі пішчаць там [на другім паверсе] пачалі, непакоіцца, галадоўку аб’явілі і свінячых прысмакаў не захацелі есці. Колас.
2. перан. Лаянк. Паганы, свінскі, які не заслугоўвае павагі. Свінячая морда. □ [Цётка Даша:] — Я гэтага свінячага пана зараз так турну з двара, што ён дарогі ў свой маёнтак не знойдзе! Шашкоў. Загула грамада Ды загаманіла: — Ці ж дастойна суда свінячае рыла? Колас.
свіня́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
Разм.
1. Забруджваць што‑н., рабіць беспарадак.
2. перан. Паскудзіць, шкодзіць каму‑н. у чым‑н.