рысо́ршчык, ‑а, м.
Рабочы, спецыяліст па вырабу рысор.
рысо́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. рысавацца (у 3 знач.).
ры́ссю, прысл.
1. Алюрам, сярэднім паміж галопам і шагам (пра каня). Конь бяжыць рыссю, і колы аж глушаць вуліцу. Баранавых.
2. Разм. Хутка, бягом. Па дарозе ад Нёмана рыссю ідзе сувязны. Брыль.
рысу́нак, ‑нка, м.
Тое, што і малюнак. Рысунак сябрам спадабаўся. Яны палажылі яго ў канверт і адправілі пісьмо Жуку нелегальна. Ці атрымаў яго адрасат і як паставіўся да рысунка, сябры не дазналіся. Колас. — Я, таварыш інжынер, не магу разабрацца ў гэтых справах, я нідзе не вучылася, якія-небудзь вялікія там пабудовы бачыла толькі калі-небудзь на здымках, на рысунках. Чорны. Ёсць у апавяданні таксама цікавы псіхалагічны рысунак Веранікі і самога лірычнага героя, ад імя якога апавяданне вядзецца. Лойка.
рысь 1, ‑і, ж.
Хуткі алюр, сярэдні паміж галопам і шагам. Я падганяю каня лейцамі. Ён неахвоча пераходзіць на рысь. Асіпенка. Раптам ззаду [у Косціка] нечая моцная рысь. Азірнуўся — польскі коннік. Баранавых.
рысь 2, ‑і, ж.
Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства кашэчых. Пасярод сцежкі ляжаў мёртвы алень, а над ім стаяла вялікая рысь. В. Вольскі.
рысяня́ і рысянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Дзіцяня рысі.
ры́тар, ‑а, м.
1. Гіст. Прамоўца і настаўнік тэорыі красамоўства ў Старажытнай Грэцыі і Старажытным Рыме.
2. Кніжн. уст. Прамоўца, які гаворыць прыгожа, напышліва, але малазмястоўна. Ужо не халодны рытар і не ўмоўна-рамантычны паэт наогул, а жывы семнаццацігадовы юнак, прывабны ў сваёй шчырай усхваляванасці, закаханы «так шчыра, і так лёгка, і так сумна» паўстае перад намі. Бярозкін.
3. Вучань ці настаўнік па класу рыторыкі ў старой духоўнай семінарыі.
[Грэч. rhētōr.]
ры́тарскі, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да рытара, уласцівы яму. Рытарскі прыём.
ры́тарства, ‑а, н.
Уст. Здольнасць, уменне гаварыць прыгожа, эфектна, прымяняючы рытарычныя прыёмы.
ры́тарстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.
Уст. Гаварыць эфектна, прыгожа, прымяняючы рытарычныя прыёмы.