я́расць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць яраснага (у 2 знач.); разлютаванасць, раз’юшанасць, злоснасць. Ёсць радасць у ярасці бою. Жылка. Дзікая забава фашысцкіх бандытаў прывяла Палазка ў ярасць. Колас. У халодных ксяндзоўскіх вачах была не злосць, а звярыная ярасць. Чарнышэвіч.
ярд, ‑а, М ‑дзе, м.
Асноўная адзінка даўжыні ў англійскай сістэме мер, роўная 91,44 см.
[Англ. yard.]
я́рка 1, ‑і, ДМ ярцы; Р мн. ярак; ж.
Маладая авечка, якая яшчэ не ягнілася.
я́рка 2, ‑і, ДМ ярцы, ж.
Разм. Яравая пшаніца.
я́ркасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць і стан яркага. Яркасць святла. □ Набрынялыя пупышкі, Што яшчэ драмалі ўчора, Ахінаюць голле пышна, Вабяць яркасцю ўбораў. Гілевіч. У Міхалкі падзеі дзеляцца не храналагічна, а паводле яркасці і рамантыкі змагання. Бядуля.
2. У фізіцы — светлавая велічыня, якая характарызуе свячэнне ў дадзеным кірунку крыніцы святла або асветленай паверхні.
я́ркі, ‑ая, ‑ае.
1. Асляпляльны, які вылучаецца сваім святлом. Яркае месячнае святло рэжа вочы. Мележ. У цемнаце агонь быў яркі і востры, калоў у вочы, як іголкай. Пташнікаў. Радзіўся новы рупны дзень — Ад рос, ад сонца яркі. Панчанка. Раніца стаяла яркая, зіхатлівая. Шчарбатаў.
2. Рэзкі па колеру, які кідаецца ў вочы выразнасцю фарбаў. На поплаве цвілі кветкі, надта яркія — жоўтыя і сінія. Асіпенка. Прыпякала сонца, і яркая зелень знікала. Васілевіч.
3. перан. Выдатны ў якіх‑н. адносінах, запамінальны. Яркі талент. Яркі сатырычны вобраз. □ Вызваленчы рух працоўных мае Беларусі ў першай чвэрці ХХ ст. вылучыў цэлую кагорту яркіх прадстаўнікоў грамадскае, і навуковай думкі. Ліс. // Які надоўга пакідае след (у душы, сэрцы, памяці і пад.). У маленстве маім ёсць адна вельмі яркая дата. Скрыган. Яркія і незабыўныя ўражанні дзяцінства. Броўка.
4. перан. Які пераконвае ў чым‑н.; сапраўдны, непадроблены. Урачыстае пасяджэнне вылілася ў яркую маніфестацыю салідарнасці і дружбы міралюбівых народаў. «Звязда».
я́ркнуць, ‑не; незак.
Разм. Ззяць, зіхацець. Стаяў жнівень, і ў небе ярклі вялізныя зоры. Лупсякоў. Хаты яркнуць наўкол Электрычным святлом. Журба.
ярлы́к, ‑а, м.
1. Гіст. Грамата ханаў Залатой Арды, у якой выкладаліся распараджэнні хана адносна кіравання асобнымі падуладнымі ёй абласцямі. Ярлык на княжанне.
2. Уст. Пісьмовае распараджэнне на выдачу чаго‑н.
3. Лісток на чым‑н. з указаннем назвы, колькасці, месца вырабу, нумара і пад. Багажны ярлык. □ На многіх таварах не было ярлыкоў з цэнамі. «Звязда».
4. перан. Шаблонная характарыстыка каму‑, чаму‑н.; уласцівасць, якасць, якая прыпісваецца каму‑, чаму‑н. па традыцыі, звычны і пад. «У нас часам, як прыклеяць ярлык заводу ці чалавеку — канец. І як бы ні працаваў потым, нічога не паможа», — сумна падумаў Максім Сцяпанавіч. Карпаў.
•••
Вешаць ярлык гл. вешаць.
[Ад цюрк. ярлэк — загад.]
ярмо́, ‑а; мн. ярмы, ‑аў; н.
1. Драўляны хамут для вупражы рабочай буйной рагатай жывёлы. Употай ад маці Ліда прывучыла карову да ярма. Паслядовіч. Вол мае ўласнае ярмо. Крапіва.
2. перан. Няволя, прыгнёт, уціск. Працоўныя людзі заўжды, зразумей, Да ўлады савецкай гібелі ў ярме. Чарнушэвіч. Крышыце панскае ярмо, браты. Таўлай. Многія краіны Азіі і Афрыкі, якія вызваліліся ад каланіяльнага ярма, .. цвёрда прытрымліваюцца палітыкі міру. «Звязда».
3. Спец. Частка электрычнай машыны, якая злучае паміж сабой яе полюсы.
•••
Цягнуць ярмо гл. цягнуць.
ярмо́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Шапачка без аколышка з мяккага матэрыялу, якая шчыльна прылягае да галавы. Сціснутым кулаком Тумілін паправіў на галаве зашмальцаваную квадратную ярмолку. Савіцкі. [Дзед] у чорнай аксамітнай ярмолцы.. здаваўся мне чарадзеем. Бядуля.
[Ад польск. jarmułka.]
я́рус, ‑а, м.
1. Рад гарызантальна размешчаных прадметаў адзін над другім. Дошкі складзены ў пяць ярусаў. □ Паўзбоч.. [печы] ляжала ў ярусах бярвенне. Сачанка.
2. Адзін з сярэдніх або верхніх паверхаў у глядзельнай зале. Ложа другога яруса. □ Вялізная зала.. тэатра.. і ўсе ярусы паўнюткі людзей. Скрыган.
3. У геалогіі — сукупнасць горных парод, якія ўтварыліся на працягу геалагічнага веку.
4. У рыбалоўстве — рыбалоўная кручковая снасць у выглядзе доўгай вяроўкі з замацаванымі на ёй на пэўнай адлегласці адзін ад другога кручкамі на павадках.