Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

я́рка 1, ‑і, ДМ ярцы; Р мн. ярак; ж.

Маладая авечка, якая яшчэ не ягнілася.

я́рка 2, ‑і, ДМ ярцы, ж.

Разм. Яравая пшаніца.

я́ркасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан яркага. Яркасць святла. □ Набрынялыя пупышкі, Што яшчэ драмалі ўчора, Ахінаюць голле пышна, Вабяць яркасцю ўбораў. Гілевіч. У Міхалкі падзеі дзеляцца не храналагічна, а паводле яркасці і рамантыкі змагання. Бядуля.

2. У фізіцы — светлавая велічыня, якая характарызуе свячэнне ў дадзеным кірунку крыніцы святла або асветленай паверхні.

я́ркі, ‑ая, ‑ае.

1. Асляпляльны, які вылучаецца сваім святлом. Яркае месячнае святло рэжа вочы. Мележ. У цемнаце агонь быў яркі і востры, калоў у вочы, як іголкай. Пташнікаў. Радзіўся новы рупны дзень — Ад рос, ад сонца яркі. Панчанка. Раніца стаяла яркая, зіхатлівая. Шчарбатаў.

2. Рэзкі па колеру, які кідаецца ў вочы выразнасцю фарбаў. На поплаве цвілі кветкі, надта яркія — жоўтыя і сінія. Асіпенка. Прыпякала сонца, і яркая зелень знікала. Васілевіч.

3. перан. Выдатны ў якіх‑н. адносінах, запамінальны. Яркі талент. Яркі сатырычны вобраз. □ Вызваленчы рух працоўных мае Беларусі ў першай чвэрці ХХ ст. вылучыў цэлую кагорту яркіх прадстаўнікоў грамадскае, і навуковай думкі. Ліс. // Які надоўга пакідае след (у душы, сэрцы, памяці і пад.). У маленстве маім ёсць адна вельмі яркая дата. Скрыган. Яркія і незабыўныя ўражанні дзяцінства. Броўка.

4. перан. Які пераконвае ў чым‑н.; сапраўдны, непадроблены. Урачыстае пасяджэнне вылілася ў яркую маніфестацыю салідарнасці і дружбы міралюбівых народаў. «Звязда».

я́ркнуць, ‑не; незак.

Разм. Ззяць, зіхацець. Стаяў жнівень, і ў небе ярклі вялізныя зоры. Лупсякоў. Хаты яркнуць наўкол Электрычным святлом. Журба.