я́зва, ‑ы, ж.
1. Гнойная або запалёная ранка на скуры ці слізістай абалонцы. Язва страўніка. Язва дванаццаціперснай кішкі. □ Высветлілася, што ў чалавека язва, прычым у такім становішчы, што прыйшлося неадкладна рабіць аперацыю. «Звязда».
2. Уст. Мор, эпідэмія.
3. перан. Пра якія‑н. адмоўныя, шкодныя з’явы ў грамадскім жыцці. З высокім пачуццём чалавека новай, сацыялістычнай маралі паэт выкрывае язвы капіталістычнага горада. Гіст. бел. сав. літ.
4. перан. Разм. Пра злога, шкадлівага, з’едлівага чалавека. Ну і язва ж ты. □ [Варавы:] А як з тою варажбіткай, Праксэдай? [Алена:] Вось толькі яна нам і стаіць упоперак горла косткай. Зазер’е наша на ўвесь раён.., на ўсю вобласць добрымі справамі славіцца, і толькі гэта язва ўсё нам псуе. Краўчанка.
•••
Моравая язва (уст.) — эпідэмія, якая выклікае вялікую смяротнасць.
Сібірская язва — заразная хвароба буйной рагатай жывёлы, авечак, коней, на якую часам хварэюць і людзі.
я́звавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да язвы (у 1 знач.), звязаны з яе ўтварэннем. Язвавая паверхня скуры. Язвавы працэс.
•••
Язвавая хвароба гл. хвароба.
я́звачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш. да язва (у 1 знач.); невялічкі нарыў, болька.
я́звенік, ‑а, м.
Разм. Чалавек, які хварэе язвавай хваробай. Бледны, з тыповым для язвеніка шараватым адценнем, твар палкоўніка злёгку паружавеў. Мехаў.
язда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. ездзіць (у 1, 2 і 4 знач.). Язда вярхом. Марудная язда. □ [Сцёпка] захапляўся яздою і тымі новымі малюнкамі, што мільгацелі перад яго вачамі. Колас.
2. У складзе спалучэнняў, што абазначаюць час, паказвае на пэўную адлегласць паміж якімі‑н. пунктамі. Тут жа і язды той на нейкія пятнаццаць хвілін. Грахоўскі.
•••
Спараная язда — на транспарце — абслугоўванне лакаматыва, аўтамашыны і пад. дзвюма брыгадамі, двума работнікамі, што змяняюць адзін аднаго.
Строеная язда — абслугоўванне лакаматыва трыма брыгадамі, якія працуюць пачаргова.
язджа́лы, ‑ая, ‑ае.
Такі, па якім многа ездзілі; біты. Язджалая дарога.
яздо́к, ездака, м.
1. Той, хто едзе на кані верхам або кіруе запрэжкай. Яздок вымушаны быў стрымліваць гарачага каня. Гурскі. На пралётцы на ўвесь рост стаіць яздок. «Маладосць».
2. Пра таго, хто ўмее добра ездзіць. Гэй, ляці, але дзяржыся, Злы яздок, Без пары не праваліся У масток. Чарот. [Дзеду] маршал Будзённы, яздок зна[кам]іты, з падзякаю ціснуў руку. Колас.
•••
Не яздок куды — пра таго, хто не хоча або не можа ездзіць куды‑н., бываць дзе‑н. Галя рашуча адарвалася ад родных мясцін, і калі Косцік спытаў: «Хутка ў Нежыхаў пададзімся?» — яна адказала: «Я туды не яздок. Мне няма чаго туды падавацца!» Сабаленка.
язёвы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да язя, уласцівы яму. Язёвы плаўнік. // Прыгатаваны з язя. Язёвая юшка.
язёк, язька, м.
Памянш.-ласк. да язь; невялікі язь.
язмі́н, ‑у, м.
1. Дэкаратыўны куст сямейства каменяломнікавых з белымі пахучымі кветкамі, сабранымі ў невялікія гронкі. Зноў пахне ў руках тваіх язмін — Майго юнацтва весняга ўспамін. Лойка.
2. Субтрапічны куст сямейства маслінавых з пахучымі белымі, жоўтымі або чырванаватымі кветкамі.
[Фр. jasmin.]