Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

я́частва, ‑а, н.

Разм., іран. Бесцырымоннае высоўванне на першы план самога сябе, свайго «я» як выяўленне эгаізму.

ячме́нішча, ‑а, н.

Разм. Тое, што і ячнішча.

ячме́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Разм. Ячменная салома, ячменныя крупы, ячменная мука.

ячме́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ячменю ​1; ячны. Ячменнае асцё. □ Вузкая палявая дарога.. гублялася ў ячменным полі. Чорны. // Прыгатаваны з зерня ячменю; ячны. Ячменныя крупы. Ячменная мука. □ Падала [цётка] закуску: ячменны праснак, сухую брынзу, цыбуліну. Хомчанка.

ячме́нь ​1, ‑ю, м.

1. Адна- і шматгадовая травяністая расліна сямейства злакавых, зерне якой ідзе на прыгатаванне круп, мукі, соладу, на корм жывёле і пад. Жыта ўжо зжалі, а ячмень і пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакалі вострых сярпоў. Мележ.

2. Зерне гэтай расліны. Млын меле, млын меле Ячмень гэты зорны, Аж ходарам ходзяць Грымучыя жорны. Танк.

ячме́нь ​2, ‑ю, м.

Вострае гнойнае запаленне тлушчавых залоз павек. Ячмень на воку.

я́чнішча, ‑а, н.

Поле, з якога сабралі ячмень ​1. Узараць ячнішча.

я́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ячменю ​1; ячменны. Ячная салома. // Прыгатаваны з зерня ячменю. Ячныя крупы. Ячная мука. □ — Эх, якая смачная Наша каша ячная! Муравейка.

ячэ́істы, ‑ая, ‑ае.

З мноствам ячэек; порысты, наздраваты. Ячэістая цэгла. □ Бялізнавыя палічкі шафаў маюць ячэістае запаўненне. «Звязда».

ячэ́йка, ‑і, ДМ ячэйцы; Р мн. ячэек; ж.

1. Паглыбленне, адтуліна (у цэлай сістэме падобных), кожнае асобнае звяно ў чым‑н. Ячэйкі сотаў. Зубныя ячэйкі. □ — У кожнай культурнай канюшні.. павінны быць.. ячэйкі на кожнага каня. Мележ.

2. Невялікая арганізацыйная група; адзінка, якая ўваходзіць у склад якога‑н. буйнога аб’яднання. [Лютынскі:] Я хачу да якой-небудзь вытворчай ячэйкі прымацавацца. Крапіва. Аднойчы да члена падпольнай ячэйкі Ільі Паша звярнуліся з прапановай паставіць у яго хаце друкарскі станок. Карпюк. Успомнім хоць бы гады Вялікай Айчыннай вайны, калі савецкая сям’я, як маленькая ячэйка вялікай Савецкай Радзімы, была падвергнута суроваму выпрабаванню. «Беларусь». // Уст. Пярвічная арганізацыя якога‑н. таварыства, саюза. У школе ўсё жыццё пачало кружыцца наўкола ячэйкі. Галавач. Увечары ў хаце адной дзяўчыны, што жыла са старой маці, сабралася ўпотай восем чалавек: пяць хлопцаў і трое дзяўчат — вясковая ячэйка. Хадкевіч.

3. Адзіночны стралковы акоп. Былі таксама ячэйкі для стралкоў. Кулакоўскі. Пад дрэвамі, пад кустамі былі ячэйкі-акопчыкі. Ермаловіч.

•••

Камсамольская ячэйка — назва пярвічнай арганізацыі ВЛКСМ да 1934 г.

Партыйная ячэйка — назва пярвічнай арганізацыі ВКП (б) да 1934 г.

Ячэйка памяці — састаўная частка збіральніка запамінальнага блока; элемент памяці вылічальнай машыны.

ячэ́йкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ячэйкі (у 2 знач.). Ячэйкавы сход. Ячэйкавы сакратар.