язда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. ездзіць (у 1, 2 і 4 знач.). Язда вярхом. Марудная язда. □ [Сцёпка] захапляўся яздою і тымі новымі малюнкамі, што мільгацелі перад яго вачамі. Колас.
2. У складзе спалучэнняў, што абазначаюць час, паказвае на пэўную адлегласць паміж якімі‑н. пунктамі. Тут жа і язды той на нейкія пятнаццаць хвілін. Грахоўскі.
•••
Спараная язда — на транспарце — абслугоўванне лакаматыва, аўтамашыны і пад. дзвюма брыгадамі, двума работнікамі, што змяняюць адзін аднаго.
Строеная язда — абслугоўванне лакаматыва трыма брыгадамі, якія працуюць пачаргова.
язджа́лы, ‑ая, ‑ае.
Такі, па якім многа ездзілі; біты. Язджалая дарога.
яздо́к, ездака, м.
1. Той, хто едзе на кані верхам або кіруе запрэжкай. Яздок вымушаны быў стрымліваць гарачага каня. Гурскі. На пралётцы на ўвесь рост стаіць яздок. «Маладосць».
2. Пра таго, хто ўмее добра ездзіць. Гэй, ляці, але дзяржыся, Злы яздок, Без пары не праваліся У масток. Чарот. [Дзеду] маршал Будзённы, яздок зна[кам]іты, з падзякаю ціснуў руку. Колас.
•••
Не яздок куды — пра таго, хто не хоча або не можа ездзіць куды‑н., бываць дзе‑н. Галя рашуча адарвалася ад родных мясцін, і калі Косцік спытаў: «Хутка ў Нежыхаў пададзімся?» — яна адказала: «Я туды не яздок. Мне няма чаго туды падавацца!» Сабаленка.