Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

я́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Азлоблены, гнеўны, раз’юшаны. Яшчэ і папы тады, ярыя такія, старарэжымныя, былі, і а імі трэба было вытрымаць добрую сутычку. Ермаловіч.

2. Празмерны ў сваім праяўленні; вельмі моцны. Ты толькі ў заўтрашняе глянь! Узнятая напорам ярым, увесь свет калгасная ралля да іншых дзён вядзе, таварыш! Дудар. У гневе ярай бітвы Я перамог амаль. Караткевіч.

3. Поўнасцю адданы чаму‑н. (якой‑н. справе, занятку і пад.). Яры рэакцыянер. Яры манархіст. □ Права народнай гаворкі на ўжыванне ў царкве не маглі адмаўляць самыя ярыя паборнікі царкоўнаславяншчыны і старыны. Шакун.

ярына́, ‑ы, ж.

Аднагадовая сельскагаспадарчая культура, якая высяваецца і прарастае вясной і дае ўраджай восенню таго ж года. Над далінамі ўзнімаліся роўненька акругленыя схілы ўзгоркаў, аздобленыя зеленню маладой ярыны. Колас. Вясна, вясна, люблю я клопат твой, З якім ты на зямлю штогод прыходзіш, Ля сцежак прабіваешся травой, На полі ярыной густой усходзіш. Лойка.

я́рыстасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ярыстага.

я́рысты, ‑ая, ‑ае.

З вялікай колькасцю яроў, перасечаны ярамі (пра мясцовасць). Недалёка ад ракі, сярод лясоў, на пясчаных узгорках уздоўж ярыстай даліны — горад. Лужанін.

я́рыца, ‑ы, ж.

Яравое жыта.