цаліна́, ‑ы, ж.
1. Некранутая, ніколі не араная, але прыгодная для апрацоўкі зямля. На ўзаранай і шчодра ўгноенай попелам цаліне закаласілася жыта, проса, авёс, ячмень. В. Вольскі. // Разм. Цалінныя землі, пераважна Сібіры і Казахстана, якія пачалі інтэнсіўна асвойвацца ў 50‑я гады 20 ст. Ідуць шафёры і шахцёры, Геолагі свідруюць горы, Гідролагі шукаюць брод, І кожнаму — па дваццаць год. А нашы дочкі і сыны нам пішуць пісьмы з цаліны. Грахоўскі.
2. Тое, што і цалік. Снежная цаліна. □ Праваднік вядзе іх [партызан] патаемнымі мясцінамі, дзе малапрыкметнай сцежкай, а дзе проста цаліной. Кулакоўскі. — Вось зайчык бег, — паказаў Косцік, калі яны звярнулі з дарогі на цаліну, у кусты. Брыль.
3. перан. Недаследаваная, нявывучаная справа, галіна чаго‑н. Аўтар [Карпаў У.] узняў вельмі важную і некранутую ў беларускай літаратуры цаліну горадабудаўніцтва. Хадкевіч.
цалі́ннік, ‑а, м.
Той, хто асвойвае цалінныя землі; жыхар цаліны (у 1 знач.). Пакуль на поле не выехалі, прараб стараўся выкарыстаць кожнага цалінніка на будоўлі. Пальчэўскі. — Адсюль вось, — паказаў Іван Іванавіч рукой, — новая вуліца пойдзе... Як мы яе, цаліннікі, назавём? Даніленка.
цалі́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цаліны. Цалінная зямля. Цалінны край. □ А на Алтай цалінныя пласты Уздымаць і засяваць паехала ўжо моладзь. Панчанка.
2. перан. Некрануты даследаваннем, нявывучаны. Цётка адкрывала новыя тэмы, асвойвала цалінны жыццёвы матэрыял, абжывала нязведаныя сферы эстэтычнага. Ярош.
ца́лкам, прысл.
1. У поўным аб’ёме, ад пачатку да канца; не па частках, не часткова. Перадрукаваць артыкул цалкам. □ Дзядзька Марцін таксама зацікавіўся дубам, і ўдвух [з Лабановічам] пачалі яны даставаць яго. Дастаць цалкам ім было не пад сілу, прыйшлося пілаваць. Колас. Маёнтак захаваўся цалкам, і дом, і паркі, і сады, і ўся будоўля. Чорны. Рыгор зарабляў да трыццаці рублёў у лета; аддаваў грошы цалкам мацеры. Гартны. // У поўным складзе. — Першая эскадрылля цалкам перасела на новыя машыны. Алешка. [Бэсман:] Што падрыхтована? Якія роты? [Дамейка:] Мой батальён за намі пойдзе цалкам. Глебка.
2. Да канца, поўнасцю, зусім. Цалкам аддацца справе. □ Генадзь быў цалкам захоплены песняй. Кожны музычны такт яе, кожны радок.. ён паўтараў мо разоў па дзесяць і нібы смакаваў. Сабаленка. І сам той Пятрусь ці Сымон яшчэ не цалкам пазбыліся думкі, што гэта ўсё ж не калгасная кабыла, а яго. Брыль.
•••
Цалкам і поўнасцю — тое, што і поўнасцю, але з адценнем узмацнення.
цалкі́, ‑оў; адз. няма.
Абл.
1. Яечня, у якой жаўткі не змешваюцца з бялкамі. Тарэсяй звалась цётка гэта. Яна так ветла сустракала І надта ж добра частавала: Спячэ «цалкоў» на скавародцы, І так, бывала, наясіся, Што хоць на пупіку круціся. Колас. Неўзабаве мы сядзелі за круглым сталом — яна глядзела на мяне сваімі мр[о]йнымі вачамі і карміла: падала яешню з цалкоў, тварог на сподку і шклянку салодкага малака. Чыгрынаў.
2. Цэлая бульба, вараная ў лупінах. Ціт наліў пляменніку кубак першаку і паказаў на закусь, якую тут жа разгарнуў на складзеным у некалькі столак абрусе. То былі хлеб, сала цыбуля, бульбяныя, яшчэ цёплыя, цалкі. Кавалёў.
3. Зерні канапель, якія застаюцца цэлымі нястоўчанымі. Канапляныя цалкі.
цалко́м, прысл.
Цэлым кавалкам, не жуючы. Кускі смачныя цалком Пан глытае век-вяком. Крапіва.
цало́к, ‑лка, м.
Разм. Чалавек, які метка страляе. Сцяпан агледзеў ваўка з аднаго боку, перавярнуў на другі, адшукаў, куды трапілі шраціны, і пахваліў сына: — Цалок ты ў мяне добры. Увесь набой засадзіў у галаву. Пальчэўскі.
цалю́сенькі, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і цалюткі. [Маці:] — Ай ды Сёмка! Цалюсенькі дзянёк, гэткі доўгі дзень і не паказацца ў хату. Гартны.
цалю́ткі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Увесь, ад пачатку да канца. Цалюткі дзень снуюць тут людзі — старыя і малыя, хто за Нёман, хто з-за Нёмана. Колас. // Цэлы, некрануты. Асобна на важкай патэльні прынеслі цалюткага парася. Шамякін.