цаліна, ‑ы, ж.
1. Некранутая, ніколі не араная, але прыгодная для апрацоўкі зямля. На ўзаранай і шчодра ўгноенай попелам цаліне закаласілася жыта, проса, авёс, ячмень. В. Вольскі. // Разм. Цалінныя землі, пераважна Сібіры і Казахстана, якія пачалі інтэнсіўна асвойвацца ў 50‑я гады 20 ст. Ідуць шафёры і шахцёры, Геолагі свідруюць горы, Гідролагі шукаюць брод, І кожнаму — па дваццаць год. А нашы дочкі і сыны нам пішуць пісьмы з цаліны. Грахоўскі.
2. Тое, што і цалік. Снежная цаліна. ▪ Праваднік вядзе іх [партызан] патаемнымі мясцінамі, дзе малапрыкметнай сцежкай, а дзе проста цаліной. Кулакоўскі. — Вось зайчык бег, — паказаў Косцік, калі яны звярнулі з дарогі на цаліну, у кусты. Брыль.
3. перан. Недаследаваная, нявывучаная справа, галіна чаго‑н. Аўтар [Карпаў У.] узняў вельмі важную і некранутую ў беларускай літаратуры цаліну горадабудаўніцтва. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)