фіксацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фіксацыі.
фікса́цыя, ‑і, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. фіксаваць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. фіксавацца. Фіксацыя ўвагі. Фіксацыя тканкі. Фіксацыя землетрасення.
фікты́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць фіктыўнага. Фіктыўнасць лічбаў.
фікты́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які з’яўляецца фікцыяй; несапраўдны. Фіктыўная хвароба. □ [Тоня] стане яго [Валянціна] фіктыўнай жонкай або сястрой і разам з другімі падпольшчыкамі будзе яму насіць есці да моста. Няхай. // Падроблены, фальшывы. Хто-хто, а Насця добра ведала, колькі разоў Пахом падаваў у бухгалтэрыю фіктыўныя дакументы. Сіняўскі.
•••
Фіктыўны капітал — капітал, які існуе ў выглядзе каштоўных папер (акцый, аблігацый і пад.), якія ўласнай вартасці не маюць, але даюць права на пэўны даход.
Фіктыўны шлюб гл. шлюб.
фі́кус, ‑а, м.
Вечназялёная трапічная расліна сямейства тутавых. Побач з бярозамі, дубамі і букамі раслі вечназялёныя алеандры, буйныя фікусы, магноліі, лаўры, разнастайныя міртавыя дрэвы. М. Ткачоў. // Дэкаратыўная расліна з шырокімі авальнымі лістамі, якая вырошчваецца ў пакоях і аранжарэях. Ля [акон] аж пад самую столь лапушыліся фікусы. Сабаленка.
[Лац. ficus — фігавае дрэва.]
фі́кусны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фікуса, належыць фікусу. Фікусны парастак.
фі́кцыя, ‑і, ж.
Выдумка, вымысел; падман, падробка. А гід сваё ўсё гне і гне, Аж смех: Не факты — фікцыя. Панчанка. // Выдуманае становішча, якое не адпавядае рэчаіснасці, але выкарыстоўваецца як сапраўднае з якой‑н. мэтай. Яго супрацоўніцтва ў газеце было фікцыяй.
[Ад лац. fictio — выдумка, вымысел.]