Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

утаймо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да утаймаваць.

утамі́цца, утамлюся, утомішся, утоміцца; зак.

Адчуць утомленасць; стаміцца, змарыцца. — Утаміўся ты? — спытаў Васіль. — На другой змене цяжэй працаваць. — Не, — адказаў Піліп.. Трошкі рукі ў плячах чутны, а больш нічога. Кулакоўскі. Вывезлі гною ў гэты дзень дзяўчаты мала. А ўтаміліся добра... Ермаловіч.

утамі́ць, утамлю, утоміш, утоміць; зак., каго-што.

Давесці да ўтомы; стаміць, змарыць. Утаміць каня. Утаміць рукі.

утамля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да утаміцца.

2. Зал. да утамляць.

утамля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да утаміць.

утапі́зм, ‑у, м.

1. Нязбытнасць, нерэальнасць чаго‑н. Утапізм планаў.

2. Тэорыі, погляды ўтапічнага сацыялізма.

утапі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Прыхільнік утапічнага сацыялізма.

2. Фантазёр, летуценнік.

утапі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да утапіст.

утапі́цца, утаплюся, утопішся, утопіцца; зак.

1. Загубіць сваё жыццё, кінуўшыся ў ваду. Некалі адна дзяўчына з нашай вёскі не вытрымала, што яе каханага ажанілі з другой, і ўтапілася. Карпюк.

2. Патануць у вадзе пад уздзеяннем сілы цяжару. Лодка ўтапілася. // Загінуць у вадзе. [Людзі:] — Кажуць, што ледзь сам [хлопчык] не ўтапіўся, бедны... Не ўмеў добра плаваць, а кінуўся на выручку. Кулакоўскі. // Праваліцца ў што‑н. мяккае, пушыстае, пухкае. І ўтапілася, укрылася глыбока ў валок Ганначка, сорамна неяк стала, што зманіла матцы. Нікановіч. Апошнія снапы Андрэй падкінуў пад ногі — стаяў пасярод воза; яны ўтапіліся, што ў яму, задраўшыся ўверх камлямі. Пташнікаў. / у перан. ужыв. У вочы [Алесі] глянеш — так і ўтопішся ў іх бездані. Васілевіч. // Разм. Стаць нябачным, схавацца ў якой‑н. вельмі прасторнай, шырокай адзежы. Максім, гледзячы на тое, як Толя ўтапіўся ў яго вялікай кашулі, засмяяўся, нібы набраўшы ў рот вады. Брыль.

утапі́ць, утаплю, утопіш, утопіць; зак.

1. што. Апусціўшы ў ваду, прымусіць патануць; затапіць. Утапіць лодку. // Не ўтрымаўшы, даць патануць. Утапіць вядро. □ [Хлопчык:] — А помніце, як Лашак у рэчцы ўтапіў трактар. Шамякін.

2. каго-што. Загубіць чыё‑н. жыццё, сілай кінуўшы ў ваду. Прывесці яго сюды, тыцнуць носам у план, а потым утапіць прахвоста ў гэтых затоках! Колас. Аднаго разу кажа [мачаха] сваёй дачцэ: — Схадзі ты, дачушка, да сястры ў госці, пакліч яе з сабой купацца ды ўтапі... Якімовіч. / у перан. ужыв. Асабліва згусціўся туман абапал канавы.., нібы ўтапіў кусты на балоце. Федасеенка.

3. перан.; каго. Паставіць у цяжкае становішча каго‑н. (выдаўшы, прадаўшы, абгаварыўшы і пад.). [Вілюевіч:] — Дзе ты вычытаў, што каб самому выслужыцца, то другога ўтапіць трэба. Грамовіч. [Студэнт:] Адозвы падлавіла [гаспадыня], павяла паліцыю; ёй было патрэбна ўтапіць мяне. Галубок.

4. перан.; што. Заглушыць гора, пачуцці і пад. пры дапамозе чаго‑н. Можа, таму так цяжка было ў.. [Веры] на душы і нельга было гэты цяжар утапіць нават у моры слёз. Машара. Вось Якім, вечны гаротнік і няўдачнік, які хоча ў гарэлцы ўтапіць сваё гора. Скрыган.

5. што. Глыбока апусціць у што‑н. мяккае, пушыстае, пухкае. Сяржант утапіў галаву ў падушку і глуха, як аднекуль са склепа, сказаў: — Ведаеш што? Ты будзь чалавекам з.. [Ілонкай]. Хомчанка.

•••

У лыжцы вады утапіць каго — загубіць, прычыніць непрыемнасць пры наяўнасці самага нязначнага выпадку. — Ты ёй [эканомцы] верыш? — усміхнулася Бабіцкая. — Ды яна гатова цябе ў лыжцы вады утапіць. Гурскі.