Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узгадо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узгадаваць.

узгало́ўе, ‑я, н.

Месца ў пасцелі, куды кладуцца галавой. На блакітную коўдру і падушкі накінута капа з карункамі. Каля ўзгалоўя — тумбачка. Гарбук. // Падгалоўе. Усюды ў дарозе служыў .. [партфель] узгалоўем — у цяплушках, у пасажырскіх вагонах, а ў часы ваеннага камунізма і ў канторы. Пестрак.

узганя́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да узганяць (гл. узагнаць у 2 знач.).

узганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да узагнаць.

узгара́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць узгаральнага. Узгаральнасць нафты.

узгара́льны, ‑ая, ‑ае.

Які лёгка, імгненна загараецца. Узгаральныя рэчывы.

узгара́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. узгарацца — узгарэцца.

узгара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да узгарэцца.

узга́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да узгарэцца (у 1 знач.).

узгарэ́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць гарэць, загарэцца; разгарэцца, запалаць. Узгарэліся дровы. □ Паветра дыхала навальніцай, полымя магло ўзгарэцца... Колас. // Стаць бліскучым, заблішчаць пад уздзеяннем якога‑н. пачуцця (пра вочы); азарыцца якім‑н. пачуццём. Хворы ўстрапянуўся на ложку, вочы яго ўзгарэліся нядобрай рашучасцю. Быкаў.

2. перан. Зачырванець, стаць гарачым (ад хвалявання, узбуджэння і пад.). Шчокі .. [дзяўчыны] узгарэліся такім шчодрым румянцам, што ў булачнай нібы пацяплела. Лынькоў.

3. перан.; чым і без дап. Узбудзіцца, запаліцца якім‑н. пачуццём. Сядзім мы з Барысам у канторы майстроў цэха, і ён расказвае мне, як некалі ўзгарэўся жаданнем стаць матросам. Мыслівец. — Згубілася [карова], і даўнавата, — пацвердзіў Міхась. — Вось таму я і прыехаў да вас, — сказаў стары. — Дапраўды? — Міхась узгарэўся, пачуўшы пра Лысуху. — Дзе ж яна? Сіняўскі. // з інф. Нечакана і вельмі моцна захацець зрабіць што‑н. Прачнуўся Віцька. Убачыў, што я сабраўся ў дарогу, узгарэўся праводзіць мяне. Асіпенка. [Хвошч] успомніў маёнтак і быў зноў узгарэўся купіць яго. Лупсякоў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Нечакана ўзнікнуць, пачацца з новай сілай; разгарэцца. Узгарэлася сварка. Узгарэлася вайна. □ Не паспеў Шутаў Запытаць палонных, як на паўднёвым баку ўзгарэўся бой. Мележ. Тая трывога, што нечакана ўзгарэлася ў .. [байцоў] ад нядаўняй перастрэлкі ў тыле, спакваля сціхала. Быкаў.

5. перан. Разм. Раззлавацца, абурыцца. У той дзень яны ўпершыню пасварыліся. Марыя папракнула мужа за яго недарэчныя жарты, і Аляксей Іванавіч узгарэўся. Шашкоў. — Не ўсім з аднаго і таго ж пачынаць... Ды што вы мяне нейкім навічком лічыце, — узгарэўся Андрэй. Шахавец.