узвалака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да узвалачы.
узвала́кванне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. узвалакваць — узвалачы.
узвала́квацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да узвалачыся.
2. Зал. да узвалакваць.
узвала́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да узвалачы.
узвалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. узвалок, ‑лакла, ‑ло; зак., каго-што.
Разм.
1. Падняць наверх што‑н. цяжкае, грувасткае; усцягнуць. Узвалачы мех на воз. □ Нехта вулей узвалок на верхавіну. Лобан. // Намагаючыся, з цяжкасцю ўзвезці куды‑н. Але вось конь узвалок сані на горку і пайшоў лягчэй, мы нават пачалі адставаць. Дамашэвіч.
2. З цяжкасцю паставіць на ногі. Леапольд Гушка сяк-так узвалок каня на ногі і павёў дадому. Чорны.
узвалачы́ся, ‑лачуся, ‑лачэшся, ‑лачэцца; ‑лачомся, ‑лачацеся; пр. узвалокся, ‑лаклася, ‑лося; зак.
Разм.
1. З цяжкасцю ўзысці, падняцца куды‑н. Узвалачыся па пагорак. Узвалачыся на пяты паверх.
2. З цяжкасцю падняцца, устаць. [Вера Ігнатаўна:] — Ляжыць .. [старая] ці ходзіць? [Несцер:] — Больш ляжыць. От, узвалачэцца на якую хвіліну і зноў кладзецца. Пестрак.
узва́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад узваліць.
узвалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.
Разм.
1. Наваліцца, налегчы ўсім цяжарам на каго‑, што‑н. Узваліцца грудзьмі на стол. □ [Грасыльда:] — Хачу бацьку разбудзіць, а не магу крыкнуць... Не падымуся нават, як хто на плечы ўзваліўся.. Пташнікаў.
2. Напасці з лаянкай на каго‑н.
узвалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., каго-што на каго-што.
1. Падняўшы што‑н. (звычайна цяжкае, грувасткае), пакласці, нагрузіць, наваліць. Узваліць мех на спіну. Узваліць куфар на воз. □ Сашка ўзваліў па плечы лодку, Вадзік узяў вёслы і вуды, і яны падаліся да возера. Гамолка. Чалавек дваццаць сялян, узваліўшы невад на сані, выходзіць на затокі. Колас. Павярнуўся [вознік], выскраб з-пад сябе сена і ўсё ўзваліў на Раю. Новікаў.
2. перан. Разм. Прымусіць выконваць якую‑н. работу, абцяжарыць работай. [Заранік:] — Мала паездак, дык на мяне яшчэ і сельгасаддзел узвалілі. Хадкевіч.
3. перан. Незаслужана абвінаваціць у чым‑н., прыпісаць каму‑н. што‑н. ганебнае. [Языковіч] узваліў на Зіну Дарошка бадай усю віну за недахопы ў брыгадзе. Кавалёў.
•••
Узваліць на плечы каго, чые, каму — тое, што і ускласці на плечы каго, чые, каму (гл. ускласці).
узвало́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад узвалачы.