Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

удакладне́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. удакладняць — удакладніць.

2. Думка, падрабязнасці дэталь і пад., якія ўдакладняюць раней сказанае ці напісанае. [Леў Раманавіч:] — Сказана вобразна, але патрабуецца такое-сякое ўдакладненне. Асіпенка.

удакла́днены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад удакладніць.

удакладні́цца, ‑ніцца; зак.

Стаць больш дакладным.

удакладні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Зрабіць больш дакладным, надаць большую дакладнасць чаму‑н. Удакладніць спісы. Удакладніць звесткі. □ Крэдам паэта прагучаў верш «Я толькі сонцу і зайздрошчу»... У сваім другім зборніку В. Макарэвіч гэтае крэда значна ўдакладніў. Лойка. Палонны тэлефаніст удакладніў .. расказ [афіцэраў], паведаміўшы змест тэлефоннай размовы паміж камандзірам шостай роты і нябожчыкам фон Адлерам. Шамякін. // Больш дакладна разведаць, устанавіць. — Звяжыся з палкамі, удакладні абстаноўку, — загадаў .. [генерал] падпалкоўніку — начальніку разведкі. Мележ. У Сямёнавай кішэні ляжалі .. паперы. Адна — «Копія магілёўскаму губрэўкому .. Просім удакладніць месцазнаходжанне [карцін] і да прыезду туды асобага ў паў паважанага камісара забяспечыць недатыкальнасць і захаванасць». Чыгрынаў. // без дап. Паясніць, сказаць з большай дакладнасцю. — А з замужжам таксама як быццам справа ўладжана... пажартавала .. [Алеся] і ўдакладніла: — Ёсць муж і сын. Васілевіч.

удакладня́цца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да удакладніцца.

2. Зал. да удакладняць.

удакладня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да удакладніць.

уда́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць удалага.

удале́ц, ‑льца, м.

Смелы, адважны, храбры чалавек. Многа зім і лет мінае. Днём і ноччу з той пары Удальца яна [дачка цара] чакае — Не імчыцца конь з гары. Зарыцкі.

уда́леч, прысл.

Разм. У далёкі прастор, на далёкую адлегласць; далёка ўперад. Карней Пятровіч прыстаўляе да вачэй руку і ўзіраецца ўдалеч. Даніленка. Гучны плёск пакаціўся ўдалеч. Гамолка. Сядзіць Садко, на гуслях грае. Удалеч музыка плыве... Аўрамчык.

уда́лечы, прысл.

Абл. Удалечыні. Усё ўдалечы зацягнула дымам. Мележ. А трава высокая, густая, Не акінуць вокам луг такі, То бяжыць і ўдалечы знікае, То падходзіць блізка да ракі. Астрэйка.