Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тыграня́ і тыгранё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня тыгра.

тыгры́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тыгра (у 1 знач.), належыць яму. Тыгрыная лапа. Тыгрыны след. // Такі, як у тыгра, уласцівы тыгру. Тыгрыны роў з лясных данёсся нетраў. Валасевіч.

тыгры́ца, ‑ы, ж.

Самка тыгра.

ты́дзень, ‑дня, м.

Адзінка вылічэння часу ад панядзелка да наступнай нядзелі ўключна. Другі дзень тыдня. □ Бадай кожны тыдзень у панядзелак ездзіў [Міхалка] .. на кірмаш [у мястэчка]. Бядуля. // Адрэзак часу ў сем дзён, які адлічваецца з любога дня; сямідзённы тэрмін. Туравец падумаў, што яны з Машай не бачыліся ўжо цэлы тыдзень. Мележ. Дзед Аўсей .. калі гаварыў аб якіх падзеях, то .. дакладна вызначаў іх час: — Гэта было... тыдзень пасля таго, як мы выязджалі на баявую аперацыю. Лынькоў. // чаго або які. Сямідзённы прамежак часу, вызначаны для правядзення якой‑н. грамадскай работы, кампаніі. Тыдзень малдаўскай літаратуры праходзіць у знамянальныя дні. «Звязда».

•••

Рабочы тыдзень — пэўная колькасць дзён у тыдні, прызначаных для работы.

Без году тыдзень — зусім нядаўна.

Сем пятніц на тыдні ў каго гл. пятніца.

тыднёвік, ‑а, м.

Разм. Выданне, якое выходзіць адзін раз на тыдзень. Летась у часопісах .. і ў тыднёвіку «Літаратура і мастацтва» былі надрукаваны лірычныя нататкі Янкі Брыля. «Полымя».

тыднёвы, ‑ая, ‑ае.

Які працягваецца цэлы тыдзень. Тыднёвы адпачынак. □ Кожны з .. [спартсменаў] хацеў першым, пасля тыднёвай барацьбы, закончыць гонку ў Мінску. «Беларусь». // Разлічаны на тыдзень. Тыднёвы план. Тыднёвае заданне. // Атрыманы за тыдзень. Тыднёвы заработак.

тык, у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. тыкаць ​1 і тыкацца ​1.

ты́канне 1, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. тыкаць ​1 — тыкнуць.

ты́канне 2, ‑я, н.

Разм. фам. Дзеянне паводле знач. дзеясл. тыкаць ​2.

ты́кацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Мітусіцца, стараючыся пранікнуць куды‑н. Людзі тыкаліся ва ўсе бакі, як сляпыя шчаняты. Асіпенка. // Ударацца, стукацца аб што‑н., упірацца ў што‑н. Калі паляцелі качкі, закрычалі з неба, наша Шэрачка, — так мы яе звалі, — спачатку пачала бегаць па дварышчы, тыкаючыся ў плот, у сцены, а пасля ўзнялася на крылле .. і падалася да чарады. Дубоўка.

ты́кацца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. фам. Звяртацца да каго‑н. на «ты». Месяц назад гэты самы Лёшка не азваўся б, а цяпер глядзі — тыкаецца, як з роўным. Асіпенка.

ты́каць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. у каго-што або чым. Поркаць чым‑н., пастукваць, датыкаючыся да чаго‑н. [Стары] .. разгублена міргаў вачамі і тыкаў у зямлю кійком. Ракітны. І ты, пасляваенны Джон, Калі сумленню не салжэш ты, Наўрад ці пальцам у батон Ты будзеш тыкаць: дзе свяжэйшы? Чэрня. // што. Утыкаць, усоўваць у што‑н. Дрыжала рука. Круціла, ламала карабок з сярнічкамі, тыкала іх у зубы. Пташнікаў. // чым. Паказваць на каго‑, што‑н. — Вунь, бачыш, — тыкаў, паказваў Дубавец пальцам туды, дзе ляжаў пень. Капыловіч. А самы маладзейшы, відаць, пазнаў сваю вінтоўку на плячы ў аднаго з партызан, паказваў на яе пальцам і тыкаў сябе ў грудзі. Няхай. Паўлік, поўны гонару, што яго пахвалілі, тыкаў тонкім мурзатым пальчыкам у кніжку, называў літары. Арабей.

2. што або чым. Разм. Падносіць блізка, паказваючы што‑н. А мне ён кніжку тыкае пад нос, паказвае. // перан. Назойліва гаварыць, напамінаць пра што‑н.; упікаць чым‑н. [Васіль:] — Ты мне фронтам не тыкай. Васілевіч.

3. што. Разм. Даваць, тыцкаць што‑н. каму‑н. Тыкаць цукерку дзіцяці.

•••

Пальцам (пальцамі) тыкаць — тое, што і пальцам (пальцамі) паказваць (гл. паказваць).

Тыкаць (свой) нос — тое, што і сунуць (свой) нос (гл. сунуць).

Тыкаць носам — звяртаць чыю‑н. увагу на што‑н. (віну, учынак і пад.; звычайна ў грубай форме).

Тыкаць у вочы (у нос) каму — рабіць папрок, упікаць у чым‑н.

ты́каць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго і без дап.

Разм. фам. Звяртацца да каго‑н. на «ты».