ты́каць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. у каго-што або чым. Поркаць чым‑н., пастукваць, датыкаючыся да чаго‑н. [Стары] .. разгублена міргаў вачамі і тыкаў у зямлю кійком. Ракітны. І ты, пасляваенны Джон, Калі сумленню не салжэш ты, Наўрад ці пальцам у батон Ты будзеш тыкаць: дзе свяжэйшы? Чэрня. // што. Утыкаць, усоўваць у што‑н. Дрыжала рука. Круціла, ламала карабок з сярнічкамі, тыкала іх у зубы. Пташнікаў. // чым. Паказваць на каго‑, што‑н. — Вунь, бачыш, — тыкаў, паказваў Дубавец пальцам туды, дзе ляжаў пень. Капыловіч. А самы маладзейшы, відаць, пазнаў сваю вінтоўку на плячы ў аднаго з партызан, паказваў на яе пальцам і тыкаў сябе ў грудзі. Няхай. Паўлік, поўны гонару, што яго пахвалілі, тыкаў тонкім мурзатым пальчыкам у кніжку, называў літары. Арабей.
2. што або чым. Разм. Падносіць блізка, паказваючы што‑н. А мне ён кніжку тыкае пад нос, паказвае. // перан. Назойліва гаварыць, напамінаць пра што‑н.; упікаць чым‑н. [Васіль:] — Ты мне фронтам не тыкай. Васілевіч.
3. што. Разм. Даваць, тыцкаць што‑н. каму‑н. Тыкаць цукерку дзіцяці.
•••
Пальцам (пальцамі) тыкаць — тое, што і пальцам (пальцамі) паказваць (гл. паказваць).
Тыкаць (свой) нос — тое, што і сунуць (свой) нос (гл. сунуць).
Тыкаць носам — звяртаць чыю‑н. увагу на што‑н. (віну, учынак і пад.; звычайна ў грубай форме).
Тыкаць у вочы (у нос) каму — рабіць папрок, упікаць у чым‑н.
ты́каць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго і без дап.
Разм. фам. Звяртацца да каго‑н. на «ты».