Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

смо́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць смольнага. Смольнасць дрэва.

смо́льны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і смалісты. Ярка на камінку Смольны корч палае. Колас. Ад смольнага паху, разамлелай гарачыні злёгку кружыцца галава, стукае ў скронях. Навуменка. Ведай — лесаруба цяжкая работа, Трэба спрыт і дужасць смольны лес валіць. Хведаровіч. Святло падала на шчаку з ямачкай, на смольныя валасы і зграбную белую шыю. Алешка.

смо́льшчык, ‑а. м.

Рабочы, які займаецца смаленнем чаго‑н.

смо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і шморгаць. Сморгаць носам. □ — Но-о, паехалі! — сморгаў Мікалай коней за лейцы. Паслядовіч. Збянтэжаны Галілей тупаў каля Таццяны, сморгаў яе чамусьці за локаць і ўгаворваў: — Гэта, Таццяначка, добрыя слёзы... Зарэцкі.

сморж, смаржа, м.

Разм. Тое, што і смаржок. — Гэта смаржы, — сказаў Мірон, калі ўважліва разгледзеў .. [грыбы]. Маўр.

смоўж, смаўжа, м.

Тое, што і слімак. Смоўж мокры, як скручаны слівень, Ляжаў, павялічаны шклом. Калачынскі. [Алёша:] — Ведаеш, Рая... Мне страшэнна не падабаецца, што гэты прылізаны смоўж, — кіўнуў ён у бок Арэшкіна, — гэты Хлестакоў жыве ў вас... Шамякін.

смоўжападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны да смаўжа.