Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

свідраві́нны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для бурэння свідравін. Свідравінны снарад.

свідро́ўшчык, ‑а, м.

Разм. Тое, што і свідравальшчык. На Днепрабудзе кожны свідроўшчык выпрацоўваў у сярэднім 90–130 сантыметраў у суткі. Галавач.

свідро́ўшчыца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да свідроўшчык.

свіль, ‑і, ж.

Спец.

1. Пакручастае, хвалепадобнае размяшчэнне валокнаў у драўніне. // Месца на дрэве з такім размяшчэннем валокнаў.

2. Хвалістая праслойка, палоска ў шкле, кераміцы.

свілява́тасць, ‑і, ж.

Спец. Уласцівасць свіляватага; наяўнасць свілей. Свіляватасць драўніны.

свілява́ты, ‑ая, ‑ае.

Спец. Са свіллю; з касымі слаямі; касаслойны. Свіляватая бяроза.

свіна...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню: а) слову «свіння», напрыклад: свінаматка, свінагадоўля, свінапас; б) слову «свінагадоўчы», напрыклад: свінаферма, свінасаўгас.

свінабо́й, ‑я, м.

Чалавек, які забівае, рэжа свіней. Свінабой са сваёю жонкай, наваліўшы свінінаю ручную цялежку, гатовыя рушыць у дарогу на рынак, запыняюцца. Колас.

свінава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Схільны да свінства, свінскіх паводзін; няўдзячны, нахабны, грубы. Аканом запнуўся, падбіраючы слова. Усе ведалі яго як служаку грубага, свінаватага. Якімовіч.

свінаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Спецыяліст па свінаводству.