Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сво́йскасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць свойскага (у 4 знач.).

сво́йскі, ‑ая, ‑ае.

1. Не дзікі, выгадаваны чалавекам (пра жывёл, птушак). Свойская свіння. □ І свойскія гусі таксама Добра ляталі калісьці, І з ветрам умелі спрачацца, І крылы аб воблакі чысціць. Сіпакоў. // Культурны, вырашчаны чалавекам (пра расліны). Свойскія кветкі. □ — Гэта і ёсць свойскае дрэва. Яблыня, — з прыкметнаю злосцю ў голасе адказаў Хрупак. — Была свойская, а стала не свойская. Здзічэла. Чыгрынаў.

2. Прыручаны чалавекам; ручны. Ласяняты ў гадавальніку хутка зрабіліся зусім свойскімі. В. Вольскі. Маладую, калі прыехалі дадому, пан загадаў замкнуць у далёкіх пакоях. Маладога — кінуць свойскаму мядзведзю. Караткевіч. // Рахманы, спакойны, не брыклівы. Свойскае жарабя. // Разм. Паслухмяны (пра чалавека). Па-ранейшаму.. [Красанок] яшчэ дужы.. Усюды свойскі, пакладзісты. Гроднеў.

3. Не куплёны, хатняга вырабу. Фельчар стаў апранацца ў доўгі карычневага сукна свойскай работы бурнос з башлыком. Пестрак. // Прыгатаваны дома (пра харчы). [Цярэшка:] — Хіба ў нас больш нічога на стале няма? Вунь жа, дзякаваць богу, парасяцінка, свойская кілбаска. Сабаленка.

4. Разм. Які прыязна, спагадліва адносіцца да людзей; таварыскі. Цішка — добры мой сусед, Гэта — хлопец-усёвед. Свойскі і разумны — Не бывае сумны. Агняцвет. Мужык што трэба — свойскі, моцны. Паможа кожнаму ў бядзе. Панчанка. // Уласцівы такім людзям або адносінам паміж такімі людзьмі. Таня і не заўважыла, як шапачнае знаёмства з Павалковічам стала пераўтварацца ў свойскія, даволі прыязныя адносіны. Машара.

5. Характэрны, знаёмы, пашыраны на якой‑н. тэрыторыі. А як песню пачуў, што над рэчкай звініць,.. Я пазнаў чагось свойскага многа ў ёй: Калісь чуў гэта ў песнях старонкі сваёй. Багдановіч. Асенняй раніцою, Па нашай звычцы свойскай, Нас цэлай грамадою Праводзілі ў войска. Глебка.

сво́лач, ‑ы, ж.

Разм. лаянк.

1. Агідны, подлы чалавек; паганец. [Скіба:] Няхай кожная сволач ведае, што здзекі ёй так не пройдуць. Крапіва. // Ужываецца як лаянкавае слова. — Што дзярэш тут горла! — грозна накінуўся.. [пісар] на Лукаша. — Крычы ў полі, а не пад вокнамі валаснога праўлення, няхай табе пуп трэсне, сволач ты! Колас.

2. зб. Зброд, вырадкі, подлыя людзі. [Лясніцкі:] — Не думай, што.. [гітлераўцы] дурні. Шпіянаж у іх першакласны. Яны набралі сабе розную сволач прыслугоўваць ім адкрыта. Шамякін.