Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рыжу́ля, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і рыжуха. Камендант чамусьці не любіць коз. Ён з першага ж дня загадаў, каб казы не было на двары, і Аннушка адвяла сваю рыжулю на сяло. Няхай.

рыжу́ха, ‑і, ДМ ‑жусе, ж.

Разм. Пра вельмі рыжую жанчыну або жывёліну. Ды асабліва ўдалася цялушка — Сама рыжуха, белае вушка. Бічэль-Загнетава.

ры́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Чырвона-жоўты (пра колер валасоў, шэрсць). Загарэў старшыня, яшчэ больш вылінялі ад спёкі рыжыя бровы. Бялевіч. Не страшны быў гэты вартавы, хоць і з вялікімі рыжымі вусамі. Кулакоўскі. // З валасамі, шэрсцю такога колеру. «Залатая сястра», — сказаў неяк Яраш. Урачы прынялі гэта як жарт: Маша была рыжая, і не проста рыжая, а ўся агніста-чырвоная. Шамякін. // Чырванавата-жоўты, светла-карычневы (пра колер розных прадметаў, а таксама раслін і жывёл). Сапраўды, з-за небасхілу паказвалася сонца — вялікае, рыжае. Карпаў. Ліст пажоўклы, рыжы Прабіваюць кроплі. Ляпёшкін. У рукі .. [Валі] далі лазовы кош з рыжым пеўнем. Якімовіч. // Які выліняў ад сонца, дажджу, стаў бурым. Рыжая хустка. Рыжая ватоўка.

2. у знач. наз. ры́жы, ‑ага, м.; ры́жая, ‑ай, ж. Пра чалавека, звера з валасамі, шэрсцю чырвона-жоўтага колеру. [Ігнат:] — У той жа момант, забыўшыся і пра шкуру, смальнуў я з другога ствала. І вось тут, братка ты мой, рыжы як падхопіцца ды як сігане цераз поле. Ляўданскі.

ры́жык, ‑а, м.

Ядомы пераважна рыжага колеру грыб сямейства сыраежкавых. Пад добры год у глінішчы была процьма рыжыкаў. Васілевіч.

ры́жыкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рыжыка.

рыжына́, ‑ы, ж.

Разм. Рыжы колер; адценне рыжага колеру. Рыжына ў валасах.

рыжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. Станавіцца рыжым, рыжэйшым. Валасы рыжэюць. □ Лён ужо даўно адцвіў, зялёныя буйныя галоўкі пачыналі рыжэць, перашэптваліся на ветры. Гурскі. Заставалася яшчэ з паўгадзіны часу да заходу сонца, а сена было ўжо ўсё згрэбена і зложана ў копы, каб не рыжэла ад расы. Колас.

2. Вылучацца сваім рыжым колерам, віднецца (пра што‑н. рыжае). На высокіх узгорках рыжэла ржышча. Броўка.