Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пыласо́сіць, ‑сошу, ‑сосіш, ‑сосіць; незак., што.

Разм. Пыласосам пазбаўляць ад пылу. Пыласосіць мяккую мэблю.

пылаўло́ўнік, ‑а, м.

Апарат для ачышчэння паветра або газу ад пылу.

пылаўло́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які ўлоўлівае пыл. Пылаўлоўны апарат.

пылаўсмакта́льны, ‑ая, ‑ае.

Які ўсмоктвае, збірае пыл. Пылаўсмактальны апарат.

пылі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Асобная часцінка пылу (у 1 знач.). У палосцы залатой [сонечнага праменя] Незлічоныя пылінкі Закружыліся, як рой. Колас. У пакой праз .. плеценыя цыноўкі ледзь прабіваліся палоскі сонечнага святла. Рэдкія пылінкі плылі ў іх. Караткевіч.

пылі́цца, пылюся, пылішся, пыліцца; незак.

1. Пакрывацца пылам. — Гэта ў вашым сельмагу пылілася столькі маіх кніг? — пажартаваў аўтар. Шамякін.

2. Вылучаць са сваёй паверхні пыл (пра дарогу). Пыліцца вузкая дарога, А мы ідзём на ускрай сяла. Прыходзька. // Узнімацца ў паветра, утвараючы пыл. — Дык жа снег растаў, — пясок На шляху пыліцца. Бялевіч.

пылі́ць, пылю, пыліш, пыліць; незак.

1. Узнімаць пыл. Перасадзіла [Агата] цераз нізкі паркан [Стасюка] і глядзела, як пабег ён на той бок вуліцы і пыліў па зямлі босымі пятамі. Чорны. Пад вішнямі, млеючы ад гарачыні, капашыліся куры — грэбліся, пылілі, закапваліся глыбей у пясок. Ракітны. // Разм. Ехаць, ісці, узнімаючы пыл. Ліпеньскім надвячоркам машына пыліла на Каралін. Сабаленка. З палеткаў каменне калгаснікі звозілі, Пылілі нястомныя грузавікі. Панчанка.

2. Тое, што і пыліцца (у 2 знач.). Пацямнеўшая вуліца пыліла ад прайшоўшага з поля быдла. Чорны. За леспрамгаскімі прычэпамі пыліла перасохлая дарога. Пташнікаў.

пылі́шча, ‑а, м.

Разм. Вялікі пыл.

пылко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пылку (у 2 знач.); які змяшчае ў сабе пылок. Пылковы аналіз. Пылковы мяшочак.

пыло́к, ‑лку, м.

1. Памянш. да пыл (у 1 знач.); невялікі, нязначны пыл. [Пан Зыгмунт] нізка нахіліўся, паспеўшы.. змахнуць пылок з наска свайго бота. Лынькоў. На ўзгорку кур[ыць] пылок .. Імчыць легкавая машына. Навуменка.

2. Клеткі, якія развіваюцца ў пыльніках тычынак і ўдзельнічаюць у размнажэнні раслін.