Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нікелірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Пакрыць (пакрываць) тонкім слоем нікелю паверхню металічных вырабаў. Нікеліраваць дэталі.

нікеліро́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да нікеліроўкі. Нікеліровачная майстэрня.

нікеліро́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. нікеліраваць.

2. Слой нікелю на металічных вырабах. За печчу — жалезны ложак. Нікеліроўка абгарэла, і ложак быў сіне-чорны. Асіпенка.

нікеліро́ўшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца нікеліроўкай.

нікеліро́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да нікеліроўшчык.

ні́кель, ‑ю, м.

1. Серабрыста-белы тугаплаўкі метал.

2. Верхні слой з гэтага металу на паверхні металічных вырабаў. Трапяткія водбліскі запалкі .. успыхвалі на які міг на нікелі дзвярной ручкі і знікалі. Лынькоў.

[Ням. Nickel.]

ні́клы, ‑ая, ‑ае.

1. Які схіліўся к долу. [Твар лесніка] быў круглы, чырвоны, як цагліна, з густымі, ніклымі вусамі. Сіўцоў.

2. Слабы, ледзь адчувальны. Уверсе пад іконай бліскала ніклае святло. Карпюк. Навакольная глуш ахутвала.. будынак, і стукі ў шыбіну здаваліся ніклымі, палахлівымі. Пестрак.

ні́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Схіляцца, нахіляцца, апускацца. На балоце нікнуць лозы, Вецер ломіць гай. Колас. У глыбокай зямлянцы, недзе пад густым ельнікам, пры скупым святле.. лямпы ніклі над сталом тры галавы. Асіпенка. // Прынікаць, хіліцца да каго‑, чаго‑н. Халодны бруснічнік суцішае боль пацёртай нагі, мякка нікне галава да пушыстага моху ўгрэтай сонцам купіны. Лынькоў. Ніклі да зямлі кволыя сцяблінкі пшаніцы, падалі ў пякучы прысак пажоўклыя калівы бульбы. Кандрусевіч. // (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Вянуць. Па дарогах, па сцяжынках Ходзіць страшны Сухавей. Дзе дыхне — там нікнуць травы. Парахневіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Станавіцца слабейшым па сіле праяўлення; слабець. [Ганс] гатовы ўскрыкнуць, зваць на дапамогу, але адчувае, як нікне, прападае голас. Лынькоў. Мне цяпер уявіць немагчыма — Нікне розум, маўчыць ўяўленне. Дзяргай.

3. перан. Знікаць. Сымон бярэ .. [Зоську] за руку і абое нікнуць у цемнаце. Купала. Бялее пад нагамі дарога, што спускаецца з гары да моста і недзе нікне там. Пташнікаў.

ніко́га,

гл. ніхто.

ніко́лечкі, прысл.

Разм. Памянш.-ласк. да ніколькі. Ліпа з Сяргеем танцавала кожны танец і ніколечкі не адчувала стомы. Хомчанка. Змакрэў чуб у мяне, засапліся мае памочнікі, а скат ніколечкі не пацвярдзеў. Кулакоўскі.