ні́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
1. Схіляцца, нахіляцца, апускацца. На балоце нікнуць лозы, Вецер ломіць гай. Колас. У глыбокай зямлянцы, недзе пад густым ельнікам, пры скупым святле.. лямпы ніклі над сталом тры галавы. Асіпенка. // Прынікаць, хіліцца да каго‑, чаго‑н. Халодны бруснічнік суцішае боль пацёртай нагі, мякка нікне галава да пушыстага моху ўгрэтай сонцам купіны. Лынькоў. Ніклі да зямлі кволыя сцяблінкі пшаніцы, падалі ў пякучы прысак пажоўклыя калівы бульбы. Кандрусевіч. // (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Вянуць. Па дарогах, па сцяжынках Ходзіць страшны Сухавей. Дзе дыхне — там нікнуць травы. Парахневіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Станавіцца слабейшым па сіле праяўлення; слабець. [Ганс] гатовы ўскрыкнуць, зваць на дапамогу, але адчувае, як нікне, прападае голас. Лынькоў. Мне цяпер уявіць немагчыма — Нікне розум, маўчыць ўяўленне. Дзяргай.
3. перан. Знікаць. Сымон бярэ .. [Зоську] за руку і абое нікнуць у цемнаце. Купала. Бялее пад нагамі дарога, што спускаецца з гары да моста і недзе нікне там. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)