Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

клубні́чнік, ‑у, м., зб.

Травяністыя кусты клубніц.

клубні́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клубніц. Клубнічны ліст. // Прыгатаваны з клубніц. Клубнічнае варэнне.

клубні́чына, ‑ы, ж.

Адна ягада клубніц; клубніца.

клу́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клуба ​1, належыць яму. Клубная работа. Клубная зала. Клубны будынак.

клубняпло́ды, ‑аў; адз. клубняплод, ‑а, М ‑дзе, м.

Харчовыя, кармавыя і тэхнічныя расліны, якія ўтвараюць на падземных сцяблах клубні.

клубо́к, ‑бка, м.

1. Шарападобны маток нітак, шпагату і пад. Клубок пражы. Разматаць клубок. □ Хлопцы пазіралі з печы, як увачавідкі растуць клубкі і танчэюць верацёны. С. Александровіч. // Пра тое, што набыло форму шара, камка. Раптам з самага крайняга вулля нечакана вылецеў рой, сабраўся над вуллем у клубок, пачаў жвава круціцца, страшэнна гусці. Кулакоўскі. / у знач. прысл. клубко́м. Малы, абараняючыся, качаўся клубком па зямлі. Ракітны.

2. перан. Заблытанае мноства чаго‑н. Клубок раптоўных, загадкавых думак занасіўся ў .. [Рыгоравай] галаве. Гартны. Пякучая крыўда, і боль, і страх.. — усё зблыталася ў адзін клубок. Пальчэўскі.

3. Невялікі клуб ​2; тое, што і клуб ​2. Густы дым паваліў з-пад страхі і ахутаў, схаваў у сваіх клубках высокі комін завода. Пестрак. Дым чорны, як сажа, велізарнымі клубкамі віўся ўгору і расплываўся туманам. Нікановіч.

•••

Клубок у горле — пра пачуццё сутаргавага, хваравітага сціску ў горле.

Разматаць клубок гл. разматаць.

клубо́чак, ‑чка, м.

Памянш. да клубок.

клубча́сты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і клубісты. Клубчасты, кучаравы хвост дыму ўсё падаўжаўся. Колас.

клубянёк, ‑нька, м.

Тое, што і клубеньчык.

клу́мак,

гл. клунак.