Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зра́зу, прысл.

Разм. Тое, што і адразу. Зося ўбегла ў хату і зразу заўважыла, што бацька сярдзіта настроен. Гартны.

зразуме́ла,

1. Прысл. да зразумелы (у 1 знач.).

2. у знач. пабочн. Вядома, канечне. Дакументы ў .. [парушальнікаў], зразумела, былі ў поўнай спраўнасці. Брыль.

3. у знач. вык. Ясна. І гэта зусім зразумела, Напісана чорным па белым: — Наш Ленін — свабода і мір, Працоўных усіх правадыр! Бялевіч. На.. плошчы.. салдаты ўкопваюць слупы, трамбуюць зямлю.. Усё гэта так зразумела і так проста. Лынькоў. / у безас. ужыв. — Так, зразумела, — быццам нешта падагульваючы ў сваіх развагах, прамовіў Камлюк. М. Ткачоў.

зразуме́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць зразумелага (у 1 знач.). Зразумеласць тлумачэнняў.

зразуме́лы, ‑ая, ‑ае; ‑а.

1. Даступны разуменню; просты, ясны. Усё само сабой зразумела. □ У Беларусі байкі І. Крылова, блізкія і зразумелыя простым працоўным людзям, карысталіся вялікай папулярнасцю. Казека. Пытанне Русаковіча было зразумелым для Калесніка. Паслядовіч.

2. Апраўданні, небеспадстаўны. Пасля доўгага роздуму і зразумелых ваганняў я асмеліўся зірнуць у пісьмо. Васілёнак.

зразуме́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад зразумець.

зразуме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Засвоіць сэнс, змест чаго‑н.; асэнсаваць. Зразумець тлумачэнне настаўніка. □ Алеся зразумела жарт і пакрыўджана змаўчала. Шамякін.

2. Здагадацца ці даведацца аб чым‑н.; усвядоміць што‑н. Зразумець сваю памылку. □ У Ліды пахаладзела сэрца: яна адразу ўсё зразумела. Сяргей памёр. Шамякін. У хату зайшла маці. Глянула на пабітае акно і адразу ўсё зразумела. Рылько.

3. Пазнаць, распазнаць чалавека, разабрацца ў яго думках, поглядах, учынках. І не ведаў яшчэ Алёша, што ніколі не зразумее ён гэтага чалавека. Чорны.

•••

Даць зразумець гл. даць.

зра́зы, ‑аў; адз. зраза, ‑ы, ж.

Мясныя катлеты з начынкай. Зразы з рысам.

[Польск. zrazy.]

зраі́цца, зроіцца; зак.

Злучыцца ў адзін рой. Пчолы зраіліся.

зраі́ць, зраю, зроіш, зроіць; зак., каго-што.

Злучыць у адзін рой. Зраіць пчол.

зрака́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да зрачыся.