доўгажыха́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да доўгажыхар.
доўгатэрміно́вы, ‑ая, ‑ае.
Дадзены на доўгі, працяглы тэрмін. Доўгатэрміновая пазыка. Доўгатэрміновы адпачынак. Доўгатэрміновая камандзіроўка.
доўгацярпе́нне, ‑я, н.
Уст. Трывалае, доўгае цярпенне. Ціт узяў .. кусочак дрэва, паглядзеў на яго і, трасучы галавою, прамовіў: — Госпадзі многаміласцівы! Дакуль тваё доўгацярпенне!.. Колас.
доўгацярплі́вы, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае доўгае цярпенне.
доўгачака́ны, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога доўга, з нецярпеннем чакаюць. Доўгачаканы госць. □ І вось настаў радасны, доўгачаканы дзень пуску завода. Кулакоўскі. [Мама] прывезла Ліпцы .. дарагі і доўгачаканы падарунак — пушыстую белую шубку. Брыль.
доўгачасо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які працягваецца доўгі час. Доўгачасовая абарона.
до́ўгі, ‑ая, ‑ае і даўгі́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае вялікую даўжыню (у 1 знач.); проціл. кароткі. Жураўлі нібы плылі ў небе, выцягнуўшы тонкія ногі і доўгія шыі. Якімовіч. Падгіналіся каленкі ад доўгай дарогі. Лынькоў. Барак быў доўгі і нізкі. Чорны. // Большы ў даўжыню, чым патрэбна. Доўгая сукенка. Доўгае паліто. □ Штаны ў .. [Рыгоркі] доўгія, аж да пят. Якімовіч. // Разм. Высокі ростам (пра чалавека). [Сухарукі] быў доўгі .. і худы. Бядуля. За тое, што ён [дзядзька Мітрафан] быў доўгі, як жардзіна, і хударлявы, усе казалі на яго Чапяла. Бажко.
2. Працяглы ў часе. Доўгая разлука. Доўгі позірк. □ Сход быў доўгі, але спакойны. Чорны. Ногі ад доўгага сядзення замлелі, і .. [Віця] захістаўся. Чарнышэвіч.
3. Які працяжна вымаўляецца (пра гукі, склады). Доўгі гук.
•••
Доўгая песня (гісторыя) гл. песня.
Доўгі рубель гл. рубель.
Доўгі язык гл. язык.
Доўгія рукі гл. рука.
до́ўжыцца, ‑жыцца; незак.
Разм.
1. Адбывацца, працягвацца (у часе). Усяго некалькі хвілін доўжылася гэта сцэна. «Полымя».
2. Здавацца даўжэйшым, больш працяглым, чым звычайна. Стаіць яшчэ раніца. Яна доўжыцца ў лесе. Пташнікаў. Сумна толькі ў адзіноце, ой, як сумна. А дзень так доўжыцца. Якімовіч.
до́ўжыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., што.
Разм. Прадаўжаць, працягваць. Можна доўжыць пералік імён і арганізацый, якія дасягнулі вялікіх поспехаў. «Маладосць».