Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

до́следніцтва, ‑а, н.

Работа па правядзенні доследаў, звязаных з вырошчваннем якіх‑н. сельскагаспадарчых культур, вывядзеннем новых сартоў і пад. Займацца доследніцтвам.

до́следны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для правядзення доследаў. Доследная сельскагаспадарчая станцыя. Доследнае поле. □ Усе дваццаць гектараў школьнай зямлі былі разбіты на маленькія доследныя ўчасткі. Пальчэўскі. // Зроблены з доследнымі мэтамі. Доследны узор машыны. Доследная партыя самазвалаў. Доследныя расліны.

2. Заснаваны на доследах, эксперыментах. Вывучэнне доследным шляхам.

до́ступ, ‑у, м.

1. Месца, па якім можна падысці, наблізіцца да чаго‑н.; падыход. [Серада] узяўся правесці іх туды, дзе ёсць.. надзейная схованка. Доступ туды ведае толькі ён адзін. Брыль. Да дома Сяргея Андрэевіча доступ быў закрыты агнём. Кавалёў.

2. Магчымасць уваходу куды‑н., наведвання каго‑, чаго‑н.; допуск. Доступ наведвальнікаў у музей. □ Часта добра падроблены дакумент забяспечваў падпольшчыкам доступ да важных ваенных аб’ектаў ворага. Пятніцкі. // Магчымасць карыстацца чым‑н., займацца чым‑н. У нас кожнаму адкрыты доступ да навукі.

3. Пранікненне чаго‑н. куды‑н. Доступ свежага паветра ў памяшканне.

•••

Няма доступу да каго гл. няма.

до́суха,

гл. дасуха.

до́сціп, ‑у, м.

Тое, што і дасціпнасць.

до́сыць, прысл.

1. Столькі, колькі патрэбна; дастаткова, даволі. Чаго жадаць яшчэ? Чаго хацець? Ёсць хлеба досыць. З. Астапенка. [Віктар] мае досыць цвёрдасці, каб выканаць самому ўскладзены на яго партыяй абавязак. Зарэцкі. / безас. у знач. вык. У нас усяго досыць. // безас. у знач. вык. Выражае загад, патрабаванне спыніць што‑н. Трэба растапіць абавязкова Мёртвы лёд халоднае вайны. Хай грыміць над светам наша слова: — Досыць трэсці бомбамі, паны! Смагаровіч. — Хлопцы, досыць спаць! Нікановіч.

2. (у спалучэнні з прым. або прысл.). Значна, у значнай ступені, даволі. Вёска была досыць вялікая, цягнулася ў адну лінію. Колас. Пасля жахлівага выбуху толавага зараду Антон Сафронавіч трохі недачуваў і з гэтай прычыны гаварыў досыць гучна. Паслядовіч.