добразычлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць добразычлівага. Добразычлівасць гаспадароў. □ — Вястун прыляцеў! Сардэчна просім! — у голасе Пятра — добразычлівасць і ласка. Новікаў. // Добразычлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Я зараз жа адагнаў ад сябе добразычлівасць — гэта такім мая маці заносіла ў горад усё да кроплі малако, такія абыходзіла мяне ў пачатковай школе здалёк, не хацелі сядзець за адной партай. Карпюк.
добразычлі́вец, ‑ліўца, м.
Той, хто прыхільна, спагадліва адносіцца да каго‑н. Вырастаючы са штонікаў і спаднічак, акуратна зацыраваных рукамі маці, мы не заўсёды разумеем, які шчыры добразычлівец, сябар нам маці. «Звязда».
добразычлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які жадае людзям дабра, прыхільна, спагадліва адносіцца да іншых. Добразычлівы чалавек. □ — Сядайце тут. Куды вы пойдзеце, — таксама запрашала .. [правадніца] Ніну з гасціннасцю добразычлівай гаспадыні. Сіўцоў. // Які выражае прыхільнасць, спагаду. Добразычлівыя адносіны. □ Упэўненасць ішла, мабыць, ад добразычлівых позіркаў, якія крадком кідалі на .. [старшыню] людзі. Навуменка. Лагоднае, добразычлівае слова больш дае сілы чалавеку, чым лаянка. Мележ.
добранадзе́йнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць добранадзейнага.
добранадзе́йны, ‑ая, ‑ае.
Такі, палітычныя перакананні якога заслугоўваюць давер’я існуючай улады; не западозраны ў антыўрадавай дзейнасці.
добранаме́рнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць добранамернага.
добранаме́рны, ‑ая, ‑ае.
З добрымі намерамі. Добранамерныя ўчынкі.
до́бранька,
1. Прысл. да добранькі (у 1 знач.).
2. безас. у знач. вык., каму. Пра адчуванне поўнай унутранай задаволенасці ад чаго‑н. Невыказнае .. [замілаванне] разлілося па ўсёй істоце, і дзяўчыне стала добранька-добранька. Гартны.
до́бранькі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Ласк. да добры (у 1, 2 і 3 знач.). Часам.. [Юлька] бывае ласкавенькай, добранькай і міленькай. Бядуля. — Будзьце ж так добранькі, таварыш прадстаўнік, пашкадуйце ўжо мяне, бедную. Галавач.
2. Разм. Ужываецца іранічна ў процілеглым значэнні: дрэнны, нядобры. — Дарэмна крыўдуеш, Сідар. Ты сам ведаеш, што білі цябе пашы хлопцы для адводу вачэй, для жарту, можна сказаць. — Добранькія жарцікі! Лынькоў.
добрапрысто́йнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць добрапрыстойнага; прыстойнасць. Прытрымлівацца добрапрыстойнасці.