добраахво́тніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да добраахвотніка, складаецца з добраахвотнікаў. Добраахвотніцкі атрад.
добраахво́тніцтва, ‑а, н.
Добраахвотнае ўступленне ў армію ў час вайны. // Добраахвотны ўдзел у якім‑н. руху.
добраахво́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які робіцца па ўласнаму жаданню, па сваёй воля, без прымусу. Добраахвотная згода. Добраахвотная справа. □ Лукаш, зразумела, праходзіўся па дварах, збіраў статак і браў добраахвотныя падаткі. Колас. Варакса даглядала курэй. Гэта была яе добраахвотная праца, бо была Варакса па-за сваімі рабочымі гадамі. Баранавых. // Які прыняў на сябе якія‑н. абавязкі па ўласнаму жаданню, без прымусу. [Маша] была не толькі лепшай аперацыйнай сястрой, але і яго [Яраша] добраахвотным сакратаром. Шамякін.
2. Заснаваны на прынцыпе самадзейнасці мас. Добраахвотная народная дружына. Добраахвотнае спартыўнае таварыства. Добраахвотная пажарная ахова.
добразычлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць добразычлівага. Добразычлівасць гаспадароў. □ — Вястун прыляцеў! Сардэчна просім! — у голасе Пятра — добразычлівасць і ласка. Новікаў. // Добразычлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Я зараз жа адагнаў ад сябе добразычлівасць — гэта такім мая маці заносіла ў горад усё да кроплі малако, такія абыходзіла мяне ў пачатковай школе здалёк, не хацелі сядзець за адной партай. Карпюк.
добразычлі́вец, ‑ліўца, м.
Той, хто прыхільна, спагадліва адносіцца да каго‑н. Вырастаючы са штонікаў і спаднічак, акуратна зацыраваных рукамі маці, мы не заўсёды разумеем, які шчыры добразычлівец, сябар нам маці. «Звязда».
добразычлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які жадае людзям дабра, прыхільна, спагадліва адносіцца да іншых. Добразычлівы чалавек. □ — Сядайце тут. Куды вы пойдзеце, — таксама запрашала .. [правадніца] Ніну з гасціннасцю добразычлівай гаспадыні. Сіўцоў. // Які выражае прыхільнасць, спагаду. Добразычлівыя адносіны. □ Упэўненасць ішла, мабыць, ад добразычлівых позіркаў, якія крадком кідалі на .. [старшыню] людзі. Навуменка. Лагоднае, добразычлівае слова больш дае сілы чалавеку, чым лаянка. Мележ.
добранадзе́йнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць добранадзейнага.
добранадзе́йны, ‑ая, ‑ае.
Такі, палітычныя перакананні якога заслугоўваюць давер’я існуючай улады; не западозраны ў антыўрадавай дзейнасці.
добранаме́рнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць добранамернага.
добранаме́рны, ‑ая, ‑ае.
З добрымі намерамі. Добранамерныя ўчынкі.