Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

го́дны, ‑ая, ‑ае; ‑дзён, ‑дна.

Прыгодны, патрэбны для якіх‑н. мэт. Годны для выкарыстання. □ Рыгору збылося дзесяць год; ён вырас і стаў годзен у пастухі. Гартны. // Варты каго‑, чаго‑н. І сыны адказ трымалі Перад бацькам родным, А стараўся з іх быць кожны Свайго бацькі годным. Купала.

го́жа,

1. Прысл. да гожы.

2. безас. у знач. вык. Прыгожа, прыемна, прыветна. Усюды так гожа і спевы ліюцца. Гурло. // Варта, трэба. Не гожа так рабіць.

го́жасць, ‑і, ж.

Уласцівасць гожага.

го́жы, ‑ая, ‑ае; гож, ‑а.

1. Прыгожы, слаўны. Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Колас.

2. Прыгодны для якіх‑н. мэт. Глядзець — прыгожы, ды не гожы. Прымаўка. // Варты чаго‑н. Не той харош, хто тварам прыгож, а той харош, хто на справу гож. Прыказка.

го́йдацца,

гл. гайдацца.

го́йдаць,

гл. гайдаць.

го́йканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гойкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Да нас, ужо аднекуль з-пад ракі, даносіцца гойканне Анюты, але мы маўчым. Пташнікаў.

го́йкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Вымаўляць, выкрыкваць «гой». [Янук (скачучы, гойкае):] Гой, гой! Вяселле пачынаецца! Козел.

го́йкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да гойкаць.

го́йсанне і гайса́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гойсаць, гайсаць.