вядзьма́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Займацца вядзьмарствам.
вядо́ма,
1. безас. у знач. вык. Аб наяўнасці якіх‑н. звестак. Імя гэтага чалавека было вядома таму, хто хоць зрэдку чытаў сельскагаспадарчую літаратуру. Сабаленка. [Кавалёва] усміхнулася, схавала насенне ў кішэню і прамовіла: — Мне ўжо ўсё вядома. Дуброўскі.
2. у знач. пабочн. Зразумела; канечне. Я быў за старшага ў атрадзе і, вядома, усе чакалі маёй каманды. Якімовіч. Хацелася мне, вядома, пачуць ад Коласа нешта незвычайнае, важнае. Брыль.
3. часціца сцвярджальная. Бясспрэчна. Ты напішаш мне? — Вядома, напішу.
•••
Аднаму богу вядома — пра тое, што нікому не вядома.
Як вядома (у знач. пабочн.) — пра тое, што ўсе ведаюць.
вядо́масць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць вядомага 1 (у 1 знач.).
2. Шырокая папулярнасць, слава. Творы мастака заваявалі сусветную вядомасць. □ І ўсё ж, зусім нечакана для Наташы, вядомасць прыйшла да яе. Краўчанка.
вядо́мы 1, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, пра якога ведаюць. Вядомыя ўсяму свету падзеі. Вядомы ўсім верш. Ехаць па вядомай дарозе. // Знаёмы ўсім якімі‑н. якасцямі. Вядомы гуляка.
2. Які карыстаецца шырокай папулярнасцю; славуты. Вядомы сталічны тэатр. Вядомы мастак. Партрэт вядомага вучонага. □ [Настаўніца:] — Вядомая беларуская паэтэса Цётка пісала і вершы і прозу. Брыль. З усіх рэспублік, з усёй нашай бацькаўшчыны прыехалі.. [у Крэмль] вядомыя людзі, каб сказаць сваё слова ў абарону міру. Бялевіч.
3. у знач. наз. вядо́мае, ‑ага, н. Дадзеная велічыня; проціл. невядомае.
•••
Вядомая справа гл. справа.
Вядомая рэч гл. рэч.
вядо́мы 2, ‑ая, ‑ае.
Які ідзе ўслед за вядучым (у 2 знач.). Вядомы самалёт. Вядомы танк.
вядро́, ‑а; мн. вёдры, вёдзер; н.
1. Пасудзіна цыліндрычнай формы з дужкай, у якой носяць або захоўваюць ваду і іншыя вадкасці.
2. Уст. Мера вадкасцей, роўная 12,3 літра.
•••
Лье як з вядра гл. ліць.
вяду́чы, ‑ая, ‑ае.
1. (рэдка). Дзеепрым. незал. цяпер. ад весці.
2. у знач. прым. Які ідзе наперадзе. Вядучы самалёт.
3. у знач. прым. Галоўны, кіруючы. Вядучая тэма. Вядучая партыя оперы. Вядучая роля навукі.
4. у знач. прым. Які прыходзіцца ў рух непасрэдна ад рухавіка. Вядучыя колы аўтамабіля.
5. у знач. наз. вяду́чы, ‑ага, м. Той, хто кіруе чым‑н. Вядучы праграмы. Быць на вечары вядучым.
вя́жучы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае ўласцівасць змацоўваць цвёрдыя рэчывы.
2. Дзеепрысл. незак. цяпер. ад вязаць. Прыгонныя спяваюць жнеі, чужыя вяжучы снапы. Вялюгін.
вяз, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а; мн. вязы, ‑аў. Лісцевае дрэва сямейства вязавых (ільмовых). / ‑у, у знач. зб. Пасадка вязу.
2. ‑у; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва.
3. ‑а; мн. вязы, ‑оў. Драўляная перакладзіна ў санях, зробленая з вязу, дубу і інш. У .. [дзедавай] зямлянцы стаяла печ — парыльня, у якой гнуў ён кляновыя палазы, вязы-папярэчыны. Лынькоў.
вя́завы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да вяза (у 1 знач.). // Зроблены з вязу.
2. у знач. наз. вя́завыя, ‑ых. Сямейства лісцевых дрэў і кустоў; ільмовыя.
вяза́льнік, ‑а, м.
Разм. Тое, што і вязальшчык.