ахвярава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад ахвяраваць.
ахвярава́цца, ‑руецца; незак.
Зал. да ахвяраваць.
ахвярава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.
1. каго-што і без дап. Добраахвотна аддаць (аддаваць), прынесці (прыносіць) у дар што‑н. Пані Вашамірская ахвяравала на званіцу старасвецкія пярсцёнкі з дарагімі камянямі. Бядуля. У гэты перыяд М. Федароўскі ахвяруе многім .. музеям сабраныя ім на Беларусі прадметы матэрыяльнай культуры. Саламевіч.
2. кім-чым. Не пашкадаваць (не шкадаваць) каго‑, чаго‑н., адмовіцца (адмаўляцца) ад каго‑, чаго‑н. Грысь адзначыў: — Пчала ахвяруе сваім жыццём, калі трэба... Кулакоўскі. [Артысты] летась ахвяравалі сваім адпачынкам і ездзілі з канцэртамі аж на цаліну. Сергіевіч.
ахвярапрынашэ́нне, ‑я, н.
1. Абрад прынашэння ахвяры.
2. Тое, што прыносіцца ў ахвяру.
ахвя́рнасць, ‑і, ж.
Гатоўнасць ахвяраваць сабой.
ахвя́рнік, ‑а, м.
1. Спецыяльнае месца, спецыяльны стол або ачаг, на якім прыносіліся ахвяры бажаству.
2. Стол з левага боку алтара ў праваслаўнай царкве, прызначаны для спраўляння некаторых абрадаў.
ахвя́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Уст. Які прыносіцца ў ахвяру. Ахвярная жывёла. Ахвярная кроў.
2. На які прыносяць ахвяры. Ахвярны агонь. Ахвярны стол.
3. перан. Гераічны, самаадданы. Ахвярны чалавек.
ахвяро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да ахвяраваць.