Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прасса́ць, ‑есу, ‑ссеш, ‑ссе; ‑сеем, ‑ссяце; зак.

Ссаць некаторы час.

прастава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць праставатага. Але ні флегматычнасці, ні сялянскай праставатасці .. [Шутава] ніхто цяпер не заўважыў. Мележ.

прастава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Прастадушны, няхітры. Праставаты выгляд. □ Можна было толькі падзівіцца, адкуль у гэтага, з выгляду праставатага чалавека, такі тонкі розум? Шашкоў.

2. Недалёкі, наіўны. Гэты ўрывак раскрывае філасофію герояў рэвалюцыйна-дэмакратычнага руху ў мужыцкім праставатым успрыняцці. У. Калеснік.

3. Нескладаны, просты.

прастава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

Разм. Ісці напрасткі, прама. Хтосьці збочыў з дарогі, нацянькі прастуе да .. [Васіля]. Мележ. [Дзік] паволі праставаў на тоўстую старадрэвіну, што пры густым хвойніку перагарадзіла прасеку. Сачанка. І мы подбегам прастуем цераз лужок туды, дзе цямнеюць прыбярэжныя кусты. С. Александровіч. Басанож прастуеш да студні — жарства шурпатая коле ступні. Барадулін.

прастагна́ць, ‑стагну, ‑стогнеш, ‑стогне; зак.

1. Абазвацца стогнам. Мне здалося, што нехта прастагнаў. Скрыпка. // што і без дап. Сказаць са стогнам. — Там жа немцы! — прастагнаў артылерыст, чорны, як цыган, хлопец. Хомчанка. «Божа мой, божа мой», — прастагнаў Мішурын і заплюшчыў вочы. Чорны.

2. Стагнаць некаторы час. Прастагнаць усю ноч.

прастаду́шнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прастадушнага. Навошта бянтэжыць хлопца? Адразу ж знікне ўся яго прастадушнасць, шчырасць. Краўчанка.

прастаду́шны, ‑ая, ‑ае.

Няхітры, просты, даверлівы. Як я і памятаю, то мой бацька быў вельмі прастадушны. Бажко.

праста́к, ‑а, м.

Разм. Тое, што і прасцяк. Шапка, што ссунулася крыху на бок, некалькі расшпіленых гузікаў, твар — усё нібы крычала: глядзіце, вось я які прастак, душа ў мяне нараспашку, увесь я перад вамі, адным словам свой чалавек на вёсцы. Кавалёў. Іранічна падсм[ей]ваецца паляшук, расказваючы .. гісторыі і легенды даверлівым прастакам. «Маладосць».

прастакава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Прастадушны, няхітры. [Лёня] мне спачатку здаўся сціплым, нават па-сялянску трошкі прастакаватым. Сабаленка. // Недалёкі, наіўны. [Максім:] — Прызнацца, .. [Яшка] і мне не падабаецца. Не ведаю нават чаму. Хоць вельмі і ліпне да мяне, такі ахвочы на паслугі. Наконт жа сувязі з паліцыяй і дэфензівай — наўрад ці ён здатны. Вельмі нейкі прастакаваты. Машара.

прастаква́ша, ‑ы, ж.

Тое, што і сыракваша.