Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уляжа́ць, уляжу, уляжыш, уляжыць; уляжым, улежыце; зак.

Тое, што і улежаць. Не ўляжаў, вылез з-пад кажуха Ахрэм. Паўлаў.

уляля́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., каго-што.

Разм.

1. Расшчодрыўшыся, даць каму‑н. што‑н. у вялікай колькасці. Замест двухсот рублёў чатырыста ўляляшчыў.

2. Управіць у што‑н. вязкае. Уляляшчыць каня ў балота.

уля́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Абляпацца чым‑н., вымазацца чым‑н. Уляпацца глінай.

2. Трапіць у бяду, непрыемную справу. [Фіма:] — Будзем прадаваць пралескі.. Ніхто з дэлегатаў сходу не ведае, дзе будзе збор. Такому чалавеку кажы: «Налева, да канца квартала». Бора там да трэцяга пашле, а трэці — да чацвёртага... Глядзі, не ўляпайся!.. Баранавых.

3. Закахацца ў каго‑н. [Васіль:] — Зоська, бач, так уляпалася ў Рыгора, што ані рады; вунь лісты ад яго мае, ды што... Гартны.

уляпі́цца, улепіцца; зак.

Разм.

1. Прыляпіцца, прыліпнуць. Фарба ўляпілася так, што не ададраць.

2. Учэпіста ўзяцца за што‑н., ухапіцца, учапіцца. Уляпіцца за поручні. □ — Пхайце ззаду! — крыкнуў фурман.. і сам уляпіўся за аглоблю. Колас. Ганна памкнулася спыніць [Костуся], але хлопец нічога не хацеў чуць і ўжо моцна ўляпіўся рукамі за клямку. Лужанін.

уляпі́ць, уляплю, улепіш, улепіць; зак.

1. што. Уставіць, урабіць што‑н. пры дапамозе лепкі. Уляпіць мазаіку ў сцяну.

2. што, каму. Разм. Моцна ўдарыць, выцяць. Злаўчыўшыся, .. [Каржаневіч] так уляпіў у вуха Вергнеру, што той ледзь устояў на нагах. Гурскі. // Збіць каго‑н. [Пятрусь:] — Калі аконам з парабкамі памкнуліся заняць хлеў, дык яму так уляпілі хлопцы, што той ледзьве ўцёк. Гартны.

3. што, каму. Разм. Ужываецца замест дзеясловаў даць, паставіць і пад. пры ўзмацненні або нечаканасці дзеяння. Уляпіць вымову. Уляпіць вучню двойку. □ [Бялькевіч:] — Ну, вінаватыя. Але ж гэтакі штраф уляпіць — дзесяць працадзён! Мнагавата! Савіцкі.

4. што. Разм. Патраціць на што‑н. «Ой, якая раскоша! Усяго накупілі. Ой, шалёныя ж грошы за ўсё гэта ўляпілі!..» Бялевіч.

улята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уляцець.

уляце́ць, улячу, уляціш, уляціць; зак.

1. З лёту, на ляту пранікнуць, трапіць куды‑н.; заляцець унутр чаго‑н. Уляцела ластаўка ў сенцы. □ Ужо на другі дзень, калі раздавалі вячэру, у камеру Максіма ўляцеў муштук ад папяросы. Машара. У гэты момант у акон уляцела граната. Сяржант спрытна схапіў яе і кінуў назад немцам. Прокша.

2. Разм. Вельмі хутка ўвайсці, убегчы, уехаць куды‑н. Адчыніліся дзверы і ў хату не ўбегла, а ўляцела перапалоханая маці. Сачанка. Машына віхрам уляцела на калгасны двор і спынілася як укопаная. Шахавец. Калі поезд уляцеў у лес і ценем пакрыла акно, .. [спадарожнікі] абодва надоўга сціхлі. Пестрак.

3. Разм. Упасці, уваліцца ў што‑н. Уляцець у яму. Уляцець у гразь.

4. безас. каму. Разм. Папасці (за якую‑н. правіннасць). — Будзе мне за вас [хлопцаў], уляціць! — заенчыў салдат. Рамановіч. Па тым, як моцна, бразнулі дзверы і зазвінела ў сенцах вядро, Геня зразумеў, што яму ўляціць ад маці за такога сябра. Пташнікаў. // Трапіць у непрыемнае становішча. Вось спатканне, дык спатканне! У бяду ўляціш якраз. Колас.

•••

Уляцець у капейку (капеечку) — тое, што і абысціся ў капейку (капеечку) (гл. абысціся).