уляцець, улячу, уляціш, уляціць; зак.

1. З лёту, на ляту пранікнуць, трапіць куды‑н.; заляцець унутр чаго‑н. Уляцела ластаўка ў сенцы. ▪ Ужо на другі дзень, калі раздавалі вячэру, у камеру Максіма ўляцеў муштук ад папяросы. Машара. У гэты момант у акон уляцела граната. Сяржант спрытна схапіў яе і кінуў назад немцам. Прокша.

2. Разм. Вельмі хутка ўвайсці, убегчы, уехаць куды‑н. Адчыніліся дзверы і ў хату не ўбегла, а ўляцела перапалоханая маці. Сачанка. Машына віхрам уляцела на калгасны двор і спынілася як укопаная. Шахавец. Калі поезд уляцеў у лес і ценем пакрыла акно, .. [спадарожнікі] абодва надоўга сціхлі. Пестрак.

3. Разм. Упасці, уваліцца ў што‑н. Уляцець у яму. Уляцець у гразь.

4. безас. каму. Разм. Папасці (за якую‑н. правіннасць). — Будзе мне за вас [хлопцаў], уляціць! — заенчыў салдат. Рамановіч. Па тым, як моцна, бразнулі дзверы і зазвінела ў сенцах вядро, Геня зразумеў, што яму ўляціць ад маці за такога сябра. Пташнікаў. // Трапіць у непрыемнае становішча. Вось спатканне, дык спатканне! У бяду ўляціш якраз. Колас.

•••

Уляцець у капейку (капеечку) — тое, што і абысціся ў капейку (капеечку) (гл. абысціся).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)