Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыва́тнік, ‑а, м.

Разм. Прыветны прадпрыемец, гандляр. Гэта азначае, што бераг належыць прыватніку, і калі ты хочаш тут адпачыць або выкупацца — звярніся да гаспадара, ён за пэўную плату дазволіць табе гэта зрабіць. Новікаў.

прыва́тніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прыватніка, уласцівы яму. Неўзабаве з-за павароткі ў гайку паказалася легкавушка, прыватніцкі масквіч.., — абдаўшы нас пахам бензіну, пакаціў далей. Быкаў.

прыва́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які належыць пэўнай асобе, з’яўляецца чыёй‑н. уласнасцю; не грамадскі, не калектыўны. Прыватная кватэра. □ На гэты дзень было намечана перасяленне многіх будаўнікоў з прыватных кватэр у гарадскія дамы. Кулакоўскі. У Залкінда на панадворку часта гуляла дванаццацігадовая дачка Вета — вучаніца прыватнай гімназіі. Карпюк. // Не звязаны з якім‑н. прадпрыемствам, дзяржаўнай або грамадскае службай; які выконваецца для індывідуальнай асобы. Прыватная краўчыха. Прыватны заказ. □ [Эльза] ўжо знайшла некалькі прыватных урокаў у багатых сем’ях і цяпер жыве на сваім хлебе. Чарнышэвіч. // Які займаецца індывідуальным гаспадараннем. Прыватны ўласнік.

2. Які датычыцца каго‑н. асабіста, чыіх‑н. асабістых спраў; асабісты. Прыватная перапіска. Прыватная размова. □ Усе прыватныя тэлеграмы залежваліся, потым адпраўляліся поштай. Шынклер. // Які знаходзіцца за межамі грамадскай, вытворчай і інш. дзейнасці, не звязаны з ёй. Прыватнае жыццё. □ [Дзянісаў] тут не прыватная асоба, а кіраўнік экспедыцыі, і ён не мае права паддавацца сваім асабістым антыпатыям. Гамолка.

3. Які з’яўляецца часткай, дэталлю чаго‑н., адносіцца да частак чаго‑н.; не агульны. Ісці ў суджэнні ад прыватных з’яў да агульнага заключэння. □ Байка павінна даваць абагульненні, адлюстроўваць не які-небудзь прыватны факт, адзінкавае здарэнне. Казека. // Не характэрны, асобны, выключны. Прыватны выпадак. □ Гэта толькі прыватны, хоць і важны эпізод. Бугаёў.

прыва́т-дацэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.

У дарэвалюцыйнай Расіі і краінах Заходняй Еўропы — вучонае званне пазаштатнага выкладчыка вышэйшай школы. // Асоба, якая мае такое званне.

[Ад лац. privatim docens — які вучыць, навучае прыватна.]

прыве́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прывесці.

прыве́зены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прывезці.

прыве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. прывёз, ‑везла і ‑вязла, ‑везла і ‑вязло; заг. прывязі; зак., каго-што.

Везучы, даставіць куды‑н. Вясёлы паравічок прывёз неўзабаве на ваганетках.. новых людзей. Чорны. — Кацярынка!.. Запражы каня і прывязі мне доктара... Нікановіч. Андрэй не помніў, як наклаў і прывёз у гумно першыя два вазы. Чарнышэвіч. // Прыехаўшы адкуль‑н., даставіць што‑н. узятае, купленае і пад. Часам прывязе [бацька] звычайны кавалак каменнага вугалю, падае Міколку: — Вось табе новая цацка! Лынькоў. [Люба:] Не ведала, што ты ўмееш чытаць, а то прывезла б кніжак. Мурашка. / у перан. ужыв. Бародзіч прывёз навіну пра Гаруса. Чорны.

прыве́рнуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прывярнуць.

прыве́сак, ‑ска, м.

Дадатак да чаго‑н., звычайна лішні, непатрэбны. З. Бядуля адчуваў пульс жыцця, і таму ідэя барацьбы і сацыяльных змен не была прывескам да яго твораў, але сэнсам іх. Кучар.

прыве́сіць, ‑вешу, ‑весіш, ‑весіць; зак., што.

Прымацаваць да чаго‑н. так, каб вісела. Прывесіць лямпу да столі. □ [Гаспадыня:] — Дайце ваша футра хіба, я прывешу. Лобан.