прыватны, ‑ая, ‑ае.
1. Які належыць пэўнай асобе, з’яўляецца чыёй‑н. уласнасцю; не грамадскі, не калектыўны. Прыватная кватэра. ▪ На гэты дзень было намечана перасяленне многіх будаўнікоў з прыватных кватэр у гарадскія дамы. Кулакоўскі. У Залкінда на панадворку часта гуляла дванаццацігадовая дачка Вета — вучаніца прыватнай гімназіі. Карпюк. // Не звязаны з якім‑н. прадпрыемствам, дзяржаўнай або грамадскае службай; які выконваецца для індывідуальнай асобы. Прыватная краўчыха. Прыватны заказ. ▪ [Эльза] ўжо знайшла некалькі прыватных урокаў у багатых сем’ях і цяпер жыве на сваім хлебе. Чарнышэвіч. // Які займаецца індывідуальным гаспадараннем. Прыватны ўласнік.
2. Які датычыцца каго‑н. асабіста, чыіх‑н. асабістых спраў; асабісты. Прыватная перапіска. Прыватная размова. ▪ Усе прыватныя тэлеграмы залежваліся, потым адпраўляліся поштай. Шынклер. // Які знаходзіцца за межамі грамадскай, вытворчай і інш. дзейнасці, не звязаны з ёй. Прыватнае жыццё. ▪ [Дзянісаў] тут не прыватная асоба, а кіраўнік экспедыцыі, і ён не мае права паддавацца сваім асабістым антыпатыям. Гамолка.
3. Які з’яўляецца часткай, дэталлю чаго‑н., адносіцца да частак чаго‑н.; не агульны. Ісці ў суджэнні ад прыватных з’яў да агульнага заключэння. ▪ Байка павінна даваць абагульненні, адлюстроўваць не які-небудзь прыватны факт, адзінкавае здарэнне. Казека. // Не характэрны, асобны, выключны. Прыватны выпадак. ▪ Гэта толькі прыватны, хоць і важны эпізод. Бугаёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)