Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ні́цы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае доўгія звісаючыя галіны (пра дрэвы і кусты). Ніцая вярба. Ніцая бяроза. □ Над вадою задумліва схіляюць вецце ніцыя лозы. В. Вольскі. Бруіцца, празрыстая рэчка, Хаваецца ў ніцых кустах. Журба.

2. перан. Разм. Пануры, хмурны (пра чалавека). Солтыс з пробашчам выйшлі са школы ніцыя, злосныя, заклапочаныя. Сабаленка. // Які выяўляе панурасць, хмурнасць. Куды падзеліся з яго [Ракава] вачэй той ніцы сум і той пажыццёвы спалох! Брыль.

ніць, ‑і, ж.

1. пераважна мн. (ні́ці, ‑цей). Тонка ссуканая пража, якая ўжываецца для шыцця, вязання і інш. Клубок ніцей. □ [Пальцы Тапурыя] хутка перабіралі тонкія ніці і.. спрытна працавалі чаўнаком. Самуйлёнак.

2. перан. Аб чым‑н., што падобна на нітку, нагадвае нітку. Срабрыстыя ніці павуціння насіліся ў паветры. С. Александровіч. Па шляху, праз хмызнякі, праз поле, Да лугоў, дзе ўецца рэчкі ніць, Гоніць вецер стромкія таполі, Каб вадой сцюдзёнай напаіць. Кірэенка.

3. перан. Тое, што злучае адно з адным, служыць для сувязі. Ніці сваяцтва. □ Было відаць, што ў гэты невялікі домік цягнуліся ніці кіравання велізарнымі партызанскімі сіламі. Пятніцкі. Гаворачы з Аляксеем, .. [Наталля Міхайлаўна] часта раптам траціла ніць размовы. Мележ. // Рад, чарада чаго‑н. І раптам спыніўся дзед Сёмка, Разваг абарвалася ніць. Колас.

•••

Праходзіць чырвонай ніццю гл. праходзіць.

Пуцяводная ніць — тое, што дапамагае знайсці верны шлях у дасягненні чаго‑н., выйсці з цяжкага становішча.

ніцяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да ніцей. Ніцяная вытворчасць.

2. Зроблены з ніцей, нітак. Ніцяныя пальчаткі.

нічагу́сенькі, займ.

Разм. Узмацняльная форма да нічога ​1. Амаль што ўсе даведаліся аб сваіх. Адзін стары Міхайла нічагусенькі даведацца не можа... Бядуля.

нічагу́ткі, займ.

Разм. Тое, што і нічагусенькі. Стары Ярмалінскі кляўся і бажыўся, што «нічагуткі, каб я з гэтага месца не сышоў, не ведаю». Чорны.

нічо́га 1,

гл. нішто ​1 (у 1 знач.).

нічо́га 2,

1. прысл. Тое, што і нішто ​2 (у 1 знач.). Жывецца мне нічога.

2. безас. у знач. вык. Хоць бы што, не шкодзіць. Усе даўно стаміліся, а яму нічога.

3. у знач. пабочн. Неістотна, не мае значэння; абыдзецца. — [Васіль:] — Калі пачаць усё расказваць, дык і жыцця не хопіць, .. я і так вас затрымаў, адарваў ад кампаніі. — Нічога, нічога, — адказвае жанчына, — расказвайце. Арабей. — Нічога, знойдзем, — прамовіў дзядзька і павёў хлопца назад у лес. — Шапка — не іголка, знойдзем... С. Александровіч.

нічы́й, нічыйго, нічыйму, нічый (нічыйго), нічыім, аб нічыім, м.; нічыя, нічыёй, нічыю, ж.; нічыё, нічыйго, нічыйму, нічыё, нічыім, аб нічыім, н.; мн. нічые, займ. адмоўны.

1. Які не належыць нікому. [Сымон:] — Я... так... хлопец... падарожны, Праз сябе сам... Я... нічый! Колас. А вось чаму.. [сасну], нічыю, прыдарожную, за доўгія гады ніхто не ссек, — адказаць цяжка. Навуменка.

2. у знач. наз. нічыя́, ‑ёй, ж. Разм. Такі вынік гульні, барацьбы і пад., калі ні адзін з праціўнікаў не выйграе. Згадзіцца на нічыю.

нічы́йны, ‑ая, ‑ае, займ. адмоўны.

Разм.

1. Тое, што і нічый (у 1 знач.). Агарод тым часам можна і пашырыць — вядома, зямля тут нічыйная, закінутая. Хадкевіч.

2. У спартыўных спаборніцтвах — нікім не выйграны. Нічыйная партыя. □ Савецкія дзюдаісты выйгралі шэсць с[у]тычак, чатыры сустрэчы закончыліся нічыйным вынікам. «Звязда».

ні́ша, ‑ы, ж.

Паглыбленне ў сцяне для змяшчэння там чаго‑н. У нішы на ўвесь рост, у батфортах, з крыжамі і рэгаліямі на грудзях, з аголенай шпагай у руцэ стаяла.. скульптура Суворава. Алешка. Пад нізкай столлю ў нішах сцен туляцца маленькія крамкі і майстэрні. В. Вольскі. // Паглыбленне, уступ, праём у чым‑н. Я схаваўся ад узрыву ў нішы замураваных дзвярэй. Шамякін. Туманіліся пылам і потам агромністыя нішы вокан. Гартны.

ні́шкам, прысл.

Разм.

1. Моўчкі. Ка мне схілілася ты нішкам На грудзі, поўныя вясны. А там, над рэчкаю, ў зацішку Маўчалі ў беразе чаўны. Трус.

2. Непрыкметна для іншых; употай. Яша курыў нішкам яшчэ ў партызанах, але камандзір не раз прабіраў яго за гэта. Кулакоўскі.