Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гу́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.

Зрэбная посцілка, пакрывала. Паўліку не страшна было легчы нават на водшыбе, але ён разаслаў гуньку побач з дзедам, накрыўся кажушком і нават прыкрыў свой твар. Сташэўскі. Маці накрыла гунькаю каня, бо было горача, а мух і аваднёў ён баяўся.. — іншы раз аж лажыўся ў аглоблях. Дамашэвіч.

гу́пат, ‑у, М ‑паце, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гупаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Даносіўся мяккі гупат цяжкіх кавальскіх молатаў. Ракітны.

гу́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Глуха стукаць, удараць. Да гэтага часу людзі паабмалочваліся, толькі ў кагосьці аднаго гупаў на таку старасвецкі цапок. Чорны. Капыты спутаных ног глуха гупаюць у зямлю. Сачанка.

гу́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да гупаць.

гура́лі, ‑яў; адз. гураль, ‑я, м.; гуралька, ‑і, ДМ ‑льцы; мн. гуралькі, ‑лек; ж.

Мясцовая назва некаторых этнічных груп палякаў, якія жывуць у Карпатах на граніцы з Чэхаславакіяй.

[Польск. górali.]

гура́льскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гураля, гураляў, належыць ім. Гуральскае паселішча. Гуральскія песні.

гу́рба, ‑ы, ж.

Куча снегу, намеценая ветрам. Напярэдадні ўсю ноч круціла завіруха, і па дарозе, яшчэ не ўезджанай, ляжалі гурбы снегу. Сіўцоў. Па вокны ў гурбы ўвайшлі хаты, згубіўшы свой фасон і від. Колас.

гурба́, ы́, ж.

1. Група, гурт. І раптам у двор уваліла гурба дзяцей: шэсць хлапчукоў і дзве дзяўчынкі. Шамякін. Не паспелі жанчыны заняць дзялянкі, як з-за гары паказалася вясёлая, гаманлівая гурба дзяўчат. Кулакоўскі.

2. у знач. прысл. гурбо́й. Групай, гуртам, усе адразу. На катку кружыліся, праносіліся віхорам канькабежцы; то па адным, то парамі, то, узяўшыся за рукі, цэлай гурбою. Шыцік.

гу́рбіна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і гу́рба. Успаўзаючы то на адну, то на другую гурбіну і ныраючы ў іх, сані выйшлі на роўную і болей уезджаную дарогу. Колас.

гу́рбісты, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты гурбамі; сумёцісты.

гурма́, ы́, ж.

Разм. Тое, што і гурба́. Адчыніліся дзверы і ў клуб увалілася цэлая гурма кабет і мужчын. Сачанка. Голыя дзеці за вёскай у рэчцы — скачуць, смяюцца нястомнай гурмой. Машара.