Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прасі́ць, прашу, просіш, просіць; незак.

1. каго-чаго, аб кім-чым і з інф. Звяртацца з просьбай да каго‑н., дабівацца чаго‑н. у каго‑н. Прасіць дапамогі. Прасіць прабачэння. □ Сёння людзі падраздзялення .. просяць аб прысваенні іхняй заставе імені «Васемнаццаці паўшых герояў». Брыль. — Паночку... паночку міленькі, не чапай мяне! — прасіла-маліла дзяўчына. Бядуля. // Прапаноўваць што‑н. рабіць. Прасіць, каб захоўвалі цішыню. Прашу заняць свае месцы.

2. што. Назначаць цану. Прасіць пяць тысяч за хату.

3. за каго-што. Разм. Клапаціцца аб кім‑н., заступацца за каго‑н. Прасіць за таварыша.

4. каго і без дап. Запрашаць, зваць. — Хлеб ды соль вам, — сказаў .. [Пракоп]. — Просім за стол, — адказаў бацька. Сабаленка. — Тады паглядзім зблізку, што гэта за народ, — сказаў гаспадар і загадаў слузе: прасі! Маўр.

5. што і без дап. Разм. Жабраваць. Калі старац аднойчы спыніўся пад акном, пачаў спяваць і прасіць міласціну, гаспадыня сказала рыжаму: «Вынесі яму чаго-небудзь». Кудраўцаў.

•••

Богам прашу — вельмі моцна прашу.

Есці не просіць — пра тое, што набыта, прыгатавана ў запас.

Есці просяць (боты, чаравікі і пад.) — пра дзіравы, паношаны абутак.

Міласці просім — ветлівае запрашэнне зрабіць што‑н.

Прасіць бізуна — сваімі ўчынкамі, паводзінамі заслугоўваць кары.

Прасіць ласкі — прасіць чыёй‑н. дапамогі або міласці.

Прашу прабачэння — прабач(це).

Просам прасіць — вельмі шчыра і настойліва прасіць, маліць.

праскавыта́ць, ‑вычу, ‑вычаш, ‑выча; зак.

1. Абазвацца скавытаннем. «Я гаспадыніна Балонка! — Праскавытала сучка звонка, — Цяпер ты [Барбос] ўсё, напэўна, зразумеў?» Корбан.

2. Скавытаць некаторы час. Праскавытаць усю ноч.

праскака́ць, ‑скачу, ‑скачаш, ‑скача; зак.

1. Праехаць наўскач дзе‑н., куды‑н. міма каго‑, чаго‑н. Праскакалі коннікі.

2. Перамясціцца скачкамі. Праскакаць на адной назе. □ Вось з галінкі на галінку, абломліваючы сухое сучча, праскакала шустрая вавёрка. Гурскі.

3. што. Разм. Выканаць які‑н. танец; станцаваць.

4. што і без дап. Скакаць некаторы час. Дзеці праскакалі ўвесь дзень.

праска́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

1. Незак. да праскочыць.

2. Незак. да праскакаць (у 1, 2 знач.).

праскандава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., што і без дап.

Прачытаць які‑н. верш, выразна вылучаючы кожную адзінку рытму. // Прагаварыць моцна і выразна, падзяляючы словы на склады.

праскаро́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што і без дап.

Прабаранаваць.

праска́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Спец. Пэўны лік збояў, які пазбаўляе каня права на прыз.

прасква́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад праскварыць.

прасква́рвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да праскварыцца.

2. Зал. да праскварваць.

прасква́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да праскварыць.