прасіць, прашу, просіш, просіць; незак.

1. каго-чаго, аб кім-чым і з інф. Звяртацца з просьбай да каго‑н., дабівацца чаго‑н. у каго‑н. Прасіць дапамогі. Прасіць прабачэння. ▪ Сёння людзі падраздзялення .. просяць аб прысваенні іхняй заставе імені «Васемнаццаці паўшых герояў». Брыль. — Паночку... паночку міленькі, не чапай мяне! — прасіла-маліла дзяўчына. Бядуля. // Прапаноўваць што‑н. рабіць. Прасіць, каб захоўвалі цішыню. Прашу заняць свае месцы.

2. што. Назначаць цану. Прасіць пяць тысяч за хату.

3. за каго-што. Разм. Клапаціцца аб кім‑н., заступацца за каго‑н. Прасіць за таварыша.

4. каго і без дап. Запрашаць, зваць. — Хлеб ды соль вам, — сказаў .. [Пракоп]. — Просім за стол, — адказаў бацька. Сабаленка. — Тады паглядзім зблізку, што гэта за народ, — сказаў гаспадар і загадаў слузе: прасі! Маўр.

5. што і без дап. Разм. Жабраваць. Калі старац аднойчы спыніўся пад акном, пачаў спяваць і прасіць міласціну, гаспадыня сказала рыжаму: «Вынесі яму чаго-небудзь». Кудраўцаў.

•••

Богам прашу — вельмі моцна прашу.

Есці не просіць — пра тое, што набыта, прыгатавана ў запас.

Есці просяць (боты, чаравікі і пад.) — пра дзіравы, паношаны абутак.

Міласці просім — ветлівае запрашэнне зрабіць што‑н.

Прасіць бізуна — сваімі ўчынкамі, паводзінамі заслугоўваць кары.

Прасіць ласкі — прасіць чыёй‑н. дапамогі або міласці.

Прашу прабачэння — прабач(це).

Просам прасіць — вельмі шчыра і настойліва прасіць, маліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)