Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шышкава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае шышкі, з шышкамі (у 1 знач.). А Грыша проста цяльпук, але самы разумны з усёй кампаніі. Гэта было відаць хаця б па тым, што галава ў яго была вялізная і ўся шышкаватая, «розум лез наверх». Караткевіч. // Спец. Які мае вузлы, патаўшчэнні на паверхні (пра дэфектную тканіну, пражу). Шышкаватая пража.

2. Які формай, сваім знешнім выглядам нагадвае шышку (у 1, 4 знач.). [Чалавек] прычапіў на шышкаваты нос рыжыя акуляры і чытаў кніжку. Пянкрат.

шышкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Разм. Збіраць кедравыя шышкі для нарыхтоўкі арэхаў. Працоўнаму чалавеку ўсюды рабіць трэба. .. Шышкаваць хадзілі: збіраць кедравыя арэхі... Пальчэўскі.

шышкано́сны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які дае шышкі (у 3 знач.), з шышкамі. Шышканосная расліна. // Як састаўная частка пазваў раслін. Шышканосны хвойнік.

шышкападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае выгляд, форму шышкі.

шышня́к, ‑у, м.

Вадзяная ці балотная шматгадовая травяністая расліна сямейства сланаягаднікавых.

шы́я, ‑і, ж.

Частка цела паміж галавой і тулавам у чалавека і наземных пазваночных жывёл. Алесь выцягваў шыю, каб за чужымі галовамі не празяваць, калі паявіцца Ніна. Шыцік. На скронях, на шыі сінімі шнурамі напяліся вены. Шамякін. — Лялька, а не конь... Жывот падцягнуты... Зубы, як адзін, шыя, нібы ў лебедзя. Васілевіч. // Тое, што сваім знешнім выглядам, формай, абрысамі нагадвае такую частку цела. На пагорку віднеліся гмахі шматпавярховых дамоў. За імі — з доўгімі шыямі пад’ёмныя краны. Гроднеў. На .. варотцах — памытыя гарлачы ўніз шыямі. Кулакоўскі.

•••

Вешацца на шыю гл. вешацца.

Вісець на шыі гл. вісець.

Выехаць на чужой шыі гл. выехаць.

Гнаць у шыю гл. гнаць.

Даць па шыі гл. даць.

Намыліць шыю гл. намыліць.

Павесіцца на шыю гл. павесіцца.

Сесці на шыю гл. сесці.

Скруціць (зламаць) (сабе) шыю гл. скруціць.

Сядзець на шыі гл. сядзець.

Шукаць пятлі на шыю гл. шукаць.