уту́льна,
1. Прысл. да утульны.
2. безас. у знач. вык. Аб наяўнасці ўтульнасці. Домік невялікі, але дагледжаны, як лялька. У чатырох пакоях яго ўтульна, цёпла, светла. Сабаленка.
уту́льнасць, ‑і, ж.
1. Выгода, упарадкаванасць жылля, быту. Паны, паненкі і панічы яшчэ спяць: ажылі толькі слугі, рыхтуючы для іх дастатак і ўтульнасць новага дня. Брыль. У пакоі цішыня. І утульнасць. Такая ўтульнасць, калі кожная рэч тут мае сваю сурвэтку, зробленую рукой самой гаспадыні, калі .. на сценах вісяць аплікацыі і вышыўкі. Скрыган. Прасторны пакой з прыбранымі пасцелямі сваёй утульнасцю і цяплом прыняў папаўненне. Алешка.
2. Уласцівасць утульнага. Уздоўж мяжы ішоў дазорны, Успамінаў утульнасць хат. Глебка.
уту́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вызначаецца ўтульнасцю, упарадкаванасцю; такі, у якім прыемна знаходзіцца, жыць. Паваротны акінуў вачыма ўтульны пакой з круглым сталом пасярэдзіне, .. піяніна і карцінамі на сценах. Гурскі. Домік быў невялікі, але чысты, утульны, акружаны гародам і садзікам. Машара. Пасля ўтульнай і цёплай машыны надвор’е здавалася асабліва золкім і непрыветным. Савіцкі. // Выгодны, зручны. У вялікім утульным крэсле драмаў вартаўнік. Грахоўскі.
2. Зацішны, укрыты ад каго‑, чаго‑н. Вера. Алексіч доўга хадзіла па адхоннаму берагу Віцьбы, шукала ўтульнае месца. Асіпенка. Дробных [галаўнёў] лёгка знайсці ў ціхіх утульных завадзях, асабліва ў вусцях ручаёў і рэчак. Матрунёнак.
уту́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.
Разм. Пільна, не адводзячы вачэй глядзець на каго‑, што‑н. Раман заўважыў Андрэйку і быў спыніўся на нейкую хвіліну і ўтупіўся вачыма ў яго бок. Кавалёў. Коля ўстаў, падышоў да акна, нешта паўглядаўся, потым зноў ўтупіўся ў чарцёж. Мыслівец.
уту́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак., што.
Разм. Утаропіць (вочы, погляд). Лідзін твар спахмурнеў. Вясёлая і такая чароўная ўсмешка пагасла. Ліда апусціла галаву, утупіла на момант вочы ў дол. Колас. Утупіў у зямлю вочы Халімон, маўчыць, не варухнецца. Галавач.
уту́шаны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад утушыць 1.
уту́шаны 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад утушыць 2.
уту́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да утушыць 1.
утушы́цца, утушыцца; зак.
Дайсці да гатоўнасці ад тушэння, стаць утушаным. Мяса добра ўтушылася.
утушы́ць 1, утушу, утушыш, утушыць; зак., што.
Патушыць, затушыць агонь. Рабочыя разам з чырвонаармейцамі адразу ж утушылі агонь. Лынькоў. // перан. Пагасіць пачуцці да каго‑н. Зразу ўсхліпвае і абхапляе ўсю істоту палкае і засмаглае каханне, каханне, якое нічым утушыць немагчыма. Нікановіч.
утушы́ць 2, утушу, утушыш, утушыць; зак., што.
Тушэннем давесці да гатоўнасці, зрабіць тушаным. Утушыць мяса.
утыка́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. утыкаць 1 — уткнуць, уваткнуць.