рысаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Той, хто вырошчвае рыс; спецыяліст па рысаводству.
рысаво́дства, ‑а, н.
Развядзенне рысу як галіна сельскай гаспадаркі.
рысаво́дчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рысаводства. Рысаводчая гаспадарка.
ры́савы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рысу. Рысавае поле. // Прыгатаваны з рысу. Рысавы суп. Рысавая мука. Рысавая каша.
рыса́к, ‑а, м.
Пародзісты рысісты конь. Алесь успомніў, як у маленстве любіў сесці на добрага рысака ды прамчаць наўскач па сяле, усім людзям на дзіва. Ваданосаў. У тых нейкія цяжкавозы, а ў нашых вараныя рысакі, адзін у адзін, ногі, што вытачаныя, і ўся конская постаць аж спружыніць. Шамякін.
рысбе́рма, ‑ы, ж.
Спец. Частка гідратэхнічнага збудавання, прызначаная для ўмацавання рэчышча патоку. Старэйшыя спыняліся на мастку, глядзелі цераз парэнчы ўніз на прасмалены насціл вадабоя, на шчэбень рысбермы. Шамякін.
[Гал. rijsberm.]
рысі́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рысі, належыць ёй. Рысіныя сляды. Рысіная шкура. // Зроблены са шкуры, футра рысі. Рысіная шапка. // перан. Такі, як у рысі; востры, злы, пранізлівы (пра вочы).
рысі́стасць, ‑і, ж.
Уласцівасць рысістага. Рысістасць пароды.
рысі́сты, ‑ая, ‑ае.
Які мае добрую рысь 1 (пра каня). Фурман ледзьве стрымліваў спрыт мышастых рысістых коней. Чорны.
рысі́ць, рышу, рысіш, рысіць; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Бегчы рыссю (пра коней і інш. жывёл).
2. Ехаць на кані рыссю. Праз некалькі хвілін з двара выехалі чатыры верхавыя і дзве рысоркі, на якіх сядзела восем чэкістаў, а ззаду, на сваёй вараной кабылцы, рысіў Карней Скіба. М. Ткачоў.