Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прасве́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прасвяціць.

прасве́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. прасвечваць — прасвяціць (у 1 знач.).

прасве́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прасвяціцца.

2. Свяціцца, віднецца ў прамежках паміж чым‑н., праз што‑н. Праз лісце каштана прасвечвалася неба, яснае, спякотнае. Шамякін. Скрозь галіны дрэў ужо прасвечвалася вепраўскае поле. Колас. Цяпер жа дрэвы парадзелі, і ўвесь парк прасвечваўся з аднаго канца ў другі. Хадкевіч.

3. Прапускаючы праз сябе святло, рабіцца, здавацца празрыстым. Сакавіцкае сонца свеціць Янку ў патыліцу, і Даніку відаць, як вушы Лычыка, нейкія круглыя і адтапыраныя, прасвечваюцца, нібы яны з ружовай паперы. Брыль. / Пра схуднелага, хваравітага, бледнага чалавека, яго цела і пад. Хлопчык тады быў шчупленькі, невысокі ростам, бялявы твар яго з густым рабаціннем, здаецца, прасвечваўся. С. Александровіч. Чалавек той быў такі худы, што ажно рукі прасвечваліся наскрозь. Хомчанка. / Пра што‑н. старое, вынашанае. [Кюблер] патрусіў калашыной сваіх старэнькіх штаноў, якія так пацёрліся і знасіліся, што амаль прасвечваліся. Шамякін.

4. перан. Выяўляцца, станавіцца прыкметным (пра які‑н. ўнутраны стан, якасць, уласцівасць і пад.). З маленькіх шчылінак-вачэй хлопца прасвечваўся смутак і сорам за сваю нязграбнасць. Дуброўскі.

5. Асвятляцца (сонцам, праменямі святла). — Стаім на ўзлеску .. бору, а ён высока на ўзгорку і .. ўвесь сонцам прасвечваецца. Ракітны.

6. Зал. да прасвечваць.

прасве́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да прасвяціць.

2. Свяціцца праз што‑н. Сонца прасвечвае між ствалоў сосен. В. Вольскі.

3. Віднецца праз што‑н. У адным месцы праз страху прасвечвала неба. М. Стральцоў. Праз рэдкую бародку прасвечваў раздвоены падбародак. Пестрак. // перан. Выяўляцца, станавіцца прыкметным (пра якое‑н. ўнутранае пачуццё, стан, якасць і пад.). Вочы, здавалася, яшчэ больш запалі, пацямнелі, твар паблажэў, але на ім выразна прасвечвала незвычайнае хваляванне і радасць. Алешка.

4. Прапускаючы праз сябе святло, здавацца празрыстым. Часам .. [рука] засланяе святло лучыны, і тады мне здаецца, што пальцы прасвечваюць наскрозь. Асіпенка. / Пра што‑н. вельмі старое, парванае. [Жанчыну] непакоіла тое, што пачаліся дажджы, ноччу ў шалашы было холадна і вільготна, ён сям-там пачаў прасвечваць. Гурскі.

прасвідрава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прасвідраваць.

прасвідрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

1. Зрабіць у чым‑н. адтуліну пры дапамозе свідравальнай прылады. Без асаблівага намагання, пакуль ісці на вячэрнія заняткі, я за тры дні навылёт прасвідраваў у камені дзірку для чаранка сякеры. Карпюк. Ва ўрочышчы Плаўе пабудавалі два добрыя дамы для пастухоў і даярак, выгарадзілі жэрдкамі кашары, прасвідравалі артэзіянскую студню, парабілі карыты, паставілі кармакухню. Сабаленка.

2. і без дап. Свідраваць некаторы час.

прасвідро́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да прасвідроўваць.

прасвідро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прасвідраваць.

прасві́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Тое, што і просвіра. Паненка дала кожнаму па прасвірцы і.. пачала расказваць пра абедню. Асіпенка.

прасвіста́ць, ‑свішчу, ‑свішчаш, ‑свішча; зак.

1. Абазвацца свістам. Вартавы прасвістаў.

2. што. Выканаць свістам (якую‑н. мелодыю). [Пятрусь] некалькі разоў прайшоўся па хаце і прасвістаў матыў «Варшавянкі». Гартны.

3. Праляцець, пранесціся, са свістам рассякаючы паветра. Над галавою прасвістала куля і ўрэзалася ў сасну. Гурскі. Бомбы прасвісталі над казіно, дзе быў падрыхтаваны баль для здраднікаў. Няхай. І па Марсе прамчаць, прасвішчуць Камсамольскія эшалоны. Лукша.

4. Свістаць некаторы час.

5. безас. каго. Разм. Праняць скразняком. [Алёша:] — Апранацца трэба добра, а то прасвішча. Лобан. [Вілюевіч:] — Учора на машыне мяне ветрам так прасвістала. Грамовіч.

6. што. Разм. Дарма патраціць. Прасвістаць грошы. Прасвістаць дзень без работы.