прасвечвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прасвяціцца.
2. Свяціцца, віднецца ў прамежках паміж чым‑н., праз што‑н. Праз лісце каштана прасвечвалася неба, яснае, спякотнае. Шамякін. Скрозь галіны дрэў ужо прасвечвалася вепраўскае поле. Колас. Цяпер жа дрэвы парадзелі, і ўвесь парк прасвечваўся з аднаго канца ў другі. Хадкевіч.
3. Прапускаючы праз сябе святло, рабіцца, здавацца празрыстым. Сакавіцкае сонца свеціць Янку ў патыліцу, і Даніку відаць, як вушы Лычыка, нейкія круглыя і адтапыраныя, прасвечваюцца, нібы яны з ружовай паперы. Брыль. / Пра схуднелага, хваравітага, бледнага чалавека, яго цела і пад. Хлопчык тады быў шчупленькі, невысокі ростам, бялявы твар яго з густым рабаціннем, здаецца, прасвечваўся. С. Александровіч. Чалавек той быў такі худы, што ажно рукі прасвечваліся наскрозь. Хомчанка. / Пра што‑н. старое, вынашанае. [Кюблер] патрусіў калашыной сваіх старэнькіх штаноў, якія так пацёрліся і знасіліся, што амаль прасвечваліся. Шамякін.
4. перан. Выяўляцца, станавіцца прыкметным (пра які‑н. ўнутраны стан, якасць, уласцівасць і пад.). З маленькіх шчылінак-вачэй хлопца прасвечваўся смутак і сорам за сваю нязграбнасць. Дуброўскі.
5. Асвятляцца (сонцам, праменямі святла). — Стаім на ўзлеску .. бору, а ён высока на ўзгорку і .. ўвесь сонцам прасвечваецца. Ракітны.
6. Зал. да прасвечваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)