утрэ́сціся, утрасецца; зак.
1. Паменшыцца ў аб’ёме, ушчыльніцца ад трасення (пра што‑н. сыпкае, дробнае).
2. перан. Разм. Уладзіцца, прыйсці да ўдачнага канца. — Чым ты зараз мяркуеш заняцца, Максім? — перапыніла яго думкі Галіна Макараўна.. — У абедзенны перапынак даведаюся ў гаспадыні, ці не можа яна пусціць цябе субкватарантам хоць бы часова, пакуль падвернецца што‑н. лепшае.. — Дзякуй, Галіна Макараўна, неяк утрасецца ўсё гэта. Машара.
уту́лак, ‑лку, м.
Абл. Добраўпарадкаванасць жылля, быту; утульнасць. Утулку тут было болей, адчуваўся парадак і гаспадарскі спрыт: з трох бакоў двор абступілі будынкі — хата, хлеў, нейкая лёгкая паветка; у двары пры баку стаялі сані з рэштаю сена ў рэзгінах — пэўнае сведчанне таго, што гаспадар дома. Быкаў. Венскія крэслы ад сцяны.. былі перастаўлены да стала. І адразу пакой набыў нейкі адметны выгляд і ўтулак, ён як бы пашырэў, параскашнеў. Сабаленка.
уту́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад утуліць.
утулі́цца, утулюся, утулішся, утуліцца; зак.
1. Уткнуўшыся, прыціснуцца да чаго‑н. Гэля маўчала, утуліўшыся тварам у падушку. Гартны. Кастусь Прыбыткоўскі.. убачыў, што Мішурын шпурнуў гранату пад танк і сам кінуўся на зямлю і ўтуліўся ў яе. Чорны. // Адасобіцца, схавацца куды‑н. Васіль яшчэ глыбей утуліўся ў змрочны куток вагона і думаў, думаў, прыкрыўшы вочы. Пестрак.
2. Захутацца ў што‑н. Мы ўтуліліся ў сваё, даволі лёгкае адзенне, сцішыліся і слухалі гутарку вады з вадою. Сташэўскі.
утулі́ць, утулю, утуліш, утуліць; зак., што.
1. Схаваць унутр чаго‑н. Жанчына падышла, .. асцярожненька, спакваля села і раптам утуліла твар у адварот халата, ціха заплакала. Кулакоўскі. Сінічкін.. падняў каўнер свайго габардзінавага плашча, утуліў у яго вушы. Пестрак.
2. Уцягнуць, увабраць унутр чаго‑н. (пра галаву). Маленькі, шчуплы стараста раптам зрабіўся яшчэ меншым, сціснуўся, утуліў галаву ў плечы, нібы на яго замахнуліся кіем. Шамякін.
3. Прыціснуць вушы да галавы (пра каня і пад.). Конь зноў ірвануў угору галаву, утуліў вушы і неяк вінавата маргнуў вялікімі, кожнае па лапцю, павекамі. Кулакоўскі.
уту́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Дэталь машын або якога‑н. прыстасавання, якая мае восевую адтуліну, куды ўстаўляецца другая дэталь. Калёсныя ўтулкі. Канічныя ўтулкі. □ Колы глыбока.. уядаліся ў пясок. Утулкі пішчалі. Броўка.
уту́лкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ўтулкі.
уту́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да утуліцца.
уту́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да утуліць.