Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

клі́напіс, ‑у, м.

1. Спосаб пісьма старажытных народаў Пярэдняй Азіі, клінападобныя знакі якога наносілі на гліну або камень. Вавілонскі клінапіс.

2. Тэкст, напісаны клінапісам. Расшыфроўка клінапісу.

клінапі́сны, ‑ая, ‑ае.

Зроблены клінапісам. Клінапісны тэкст.

клі́ніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

Бальнічная ўстанова, у якой лячэнне хворых спалучаецца з навукова-даследчай і вучэбна-выкладчыцкай работай. Клініка шпітальнай хірургіі. Клініка інфекцыйных хвароб.

[Ад грэч. klinkē — лячэнне.]

клініцы́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Урач, які працуе ў клініцы і, акрамя лячэння хворых, займаецца навукова-даследчай работай.

кліні́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клінікі. Клінічны гарадок. Клінічная бальніца. // Які праводзіцца ў клініцы. Клінічнае лячэнне. Клінічныя даследаванні.

•••

Клінічная смерць гл. смерць.

клі́нкер, ‑у, м.

1. Вельмі моцная цэгла, якая не ўбірае вільгаці і ідзе на машчэнне дарог, для насцілу падлогі ў прамысловых будынках і пад. [Сашка Стафанковіч] на адной з станцый убачыў праз вагоннае акно выбрукаваны клінкерам перон. Што такое клінкер, ён ведаў з прачытанага ў газеце артыкула. Чорны.

2. Абпаленая да спякання цэментная сыравіна ў выглядзе цвёрдых кускоў.

[Англ. clinker.]

клінкерава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да клінкераваць.

клінкерава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.

Абпальваннем ператвараць у клінкер.

клі́нкерны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клінкеру. Клінкерны завод. // Зроблены з клінкеру. Клінкерная падлога.

клінко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да клінка (у 2 знач.). Клінковая сталь.

2. Які мае форму клінка (у 3 знач.). Клінковы сыр.